Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі дэ-факта прызнаў сэпаратысцкія ўтварэньні «ДНР» і «ЛНР»


Скрыншот навіны на сайце Савету Рэспублікі
Скрыншот навіны на сайце Савету Рэспублікі

На сайце Савету Рэспублікі зьявіўся прэс-рэліз «Член Савета Рэспублікі Д.Баскаў аказаў падтрымку дзецям Данецкай і Луганскай рэспублік».

У паведамленьні гаворыцца, што Дзьмітры Баскаў «узяў удзел у акцыі фонду Аляксея Талая па арганізацыі знаходжаньня школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Менску ў пэрыяд зімовых школьных канікулаў».

У рамках гэтай паездкі ў Менску пабылі каля 50 дзяцей з так званых «ДНР» і «ЛНР». Гэта акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, дзе прарасейскія сэпаратысты з падтрымкай Масквы абвясьцілі так званыя «народныя рэспублікі» з цэнтрамі ў Данецку і Луганску.

Паводле інфармацыі Савету Рэспублікі, да акцыі далучыліся хакейны клюб «Дынама» (Менск) і Фэдэрацыя хакея.

Баскаў — трэнэр хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі і яго малодшага сына Мікалая, у 2020-21 гадах узначальваў фэдэрацыю па гэтым відзе спорту, пакуль ня трапіў пад міжнародныя санкцыі за саўдзел у задушэньні пратэстаў і магчымую датычнасьць да выкраданьня і забойства пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

Аляксей Талай — актыўны прыхільнік Лукашэнкі, падтрымлівае сэпаратысцкія ўтварэньні «ДНР» і «ЛНР». Украінскі бок патрабуе санкцый у дачыненьні да яго ад міжнародных структур. Талай асабіста наведваў акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны летась, а ў Менску ў ягоны гонар пры жыцьці ўлады назвалі школу.

Дэ-юрэ ўлады дагэтуль не прызналі незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», таксама як і абвешчанае Расеяй іх далучэньне пасьля так званых «рэфэрэндумаў». Пры гэтым Лукашэнка ўхваліў агрэсію Расеі супраць Украіны і пусьціў расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі.

Летась увосень Лукашэнка дэ-факта прызнаў незалежнасьць Абхазіі, наведаўшы яе без дазволу ўладаў Грузіі. Аднак пасьля гэтага ніякіх дакумэнтаў бакі не падпісвалі, і юрыдычнага прызнаньня гэтай тэрыторыі незалежнай дзяржавай таксама не адбылося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG