Герарх нагадаў, што «Хрыстос прыйшоў каб прымірыць чалавека з Богам, дзеля чаго прынёс нябачную раней любоў паміж людзьмі, паказаў ім шлях да вечнага жыцьця ўва Ўладарстве Божым, неабходнасьць перавагі духоўнага над матэрыяльным».
«Але далёка ня ўсе прынялі да сэрца вучэньне Хрыста як тады, так і цяпер. Так, маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысьціянаў, а паводзяцца як сатаністы, што стагодзьдзямі чынілі генацыд беларусаў і іншых народаў, і цяпер пагражаюць усяму цывілізаванаму сьвету. Як некалі малое Дзіця Ісус перахоўваўся на Чужыне ад Ірада, так і цяпер сотні тысяч уцекачоў апынуліся на выгнаньні з прычыны перасьледу іх уладай самазванца-ірада ў Беларусі, які ёсьць служкаю Крамля». — піша ў звароце Сьвятаслаў.
Архіяпіскап нагадаў, што «хрысьціянская вера заклікае да прымірэньня паміж людзьмі, цэлымі народамі, але не са злом, бо супраць зла трэ змагацца». «Хрыстовае вучэньне — гэта духоўная зброя змаганьня за Праўду». — напісаў герарх у лісьце з нагоды Калядаў.
«Беларуская Царква моліцца цяпер і за Ўкраінскі народ, якому выпала пакутная роля выратаваньня Хрысьціянскай Эўрапейскай цывілізацыі, у тым ліку і Беларусі, ад барбараў. Таксама молімся за беларусаў, якія змагаюцца супраць маскоўскіх агрэсараў у братняй Украіне і супраць дыктатуры ў роднай Беларусі, і за тых, хто апынуўся ў розных кутках сьвету і іхныя сем’і». — гаворыцца ў звароце архіяпіскапа Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сьвятаслава.
- Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква не прызнаецца памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, а Рускай Праваслаўнай Царквой называецца, як і іншыя некананічныя цэрквы, праваслаўнай дэнамінацыяй. БАПЦ прызнаецца некананічнымі цэрквамі: Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой, Сусьветным Амэрыканскім Патрыярхатам і інш.
- БАПЦ мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэньні вядуцца на беларускай мове.