Гайр Пэдэрсэн зрабіў аптымістычны прагноз: «Ёсьць надзея ўбачыць пачатак новай Сырыі». Пэдэрсан заявіў, што для рэалізацыі гэтай надзеі Сырыі патрэбная новая канстытуцыя.
Як паведамляе «Эўраньюс», спэцпрадстаўнік ААН бачыць неабходнасьць палітычнага пераходу, які будзе карыстацца даверам з боку ўсяго сырыйскага грамадзтва.
У сераду ў гутарцы з журналістамі спэцпрадстаўнік ААН, у прыватнасьці, сказаў, што новая канстытуцыя павінна будзе забясьпечыць новую грамадзкую дамову, якую прымуць усе сырыйцы. Пасьля завяршэньня пераходнага пэрыяду, паводле Пэдэрсэна, неабходна будзе правесьці свабодныя выбары.
У цяперашні час асноўнай сілай паўстанцаў, якая катралюе Сырыю, зьяўляецца групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам». Ці будзе яна прытрымлівацца таго кірунку, які абмяркоўваўся з прадстаўніком ААН Гайрам Пэдэрсэнам, застаецца не зусім ясным. Правячая групоўка стварыла часовую адміністрацыю, якая ўтворана членамі так званага ўраду выратаваньня, падкрэсьлівае «Эўраньюс».
Цяперашняя ўлада будзе кантраляваць краіну да сакавіка, але новы кіраўнік Ахмэд аль-Шараа, вядомы як Абу Мухамад аль-Джуляні, ня даў яснага адказу на пытаньне аб тым, як будзе ажыцьцяўляцца пераход да новага легітымнага ўраду.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум