Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырасьлі штрафы. За лаянку і курэньне ў забароненых месцах — да 1110 рублёў, за самавольную перапляніроўку — да 1850 рублёў


З 1 студзеня ў Беларусі да 37 рублёў павысілі базавую велічыню. Зь яе ростам павялічыліся і некаторыя штрафы, дапамогі і стыпэндыі. Пра гэта піша zerkalo. io

Штраф за безьбілетны праезд у гарадзкім транспарце з 1 студзеня складзе ад 18,5 да 37 рублёў (раней — ад 16 да 32 рублёў), у прыгарадным транспарце — 25,9 рубля (раней — 22,4 рубля), у міжгароднім — 37 рублёў (раней — 32 рублі).

Штраф за шум і вібрацыю з 23 да 7 гадзін можа скласьці да 1110 рублёў (раней — да 960 рублёў). За самавольную перапляніроўку бязь зьмены апорных канструкцый змогуць аштрафаваць на суму да 1110 рублёў (раней — да 960 рублёў), са зьменай апорных канструкцый — ад 1110 да 1850 рублёў (раней — ад 960 да 1600 рублёў).

За нецэнзурную лаянку будуць штрафаваць на суму ад 74 да 1110 рублёў (раней — ад 64 да 960 рублёў), за курэньне ў забароненых месцах — да 148 рублёў (раней — да 128 рублёў), за курэньне ў дапаможных памяшканьнях шматкватэрных дамоў — да 1110 рублёў (раней — да 960 рублёў).

Піцьцё алькагольных напояў ў грамадзкіх месцах можа абысьціся да 296 рублёў (раней — да 256 рублёў). А зьяўленьне на працы ў стане ап’яненьня будзе каштаваць ад 37 да 370 рублёў (раней — ад 32 да 320 рублёў).

Штраф за выкідваньне сьмецьця з акна машыны павялічыцца да сумы ад 37 да 74 рублёў (раней — ад 32 да 64 рублёў).

За кіраваньне без тэхагляду пры першым парушэньні на працягу году штраф можа скласьці ад 37 да 111 рублёў (раней — ад 32 да 96 рублёў), пры паўторным — ад 64 да 222 рублёў (раней — ад 64 да 192 рублёў). Штраф за кіраваньне ў нецьвярозым стане складзе ад 1850 да 3700 рублёў (раней — ад 1600 да 3200 рублёў).

Вырасьлі штрафы і за перавышэньне хуткасці. Пры перавышэньні ад 10 да 20 км/г штраф з 2023 год вырас да 37 рублёў (раней — 32 рублі), ад 20 да 30 км/г — да 111 рублёў (раней — 96 рублёў), больш за 30 км/г — да 370 рублёў (раней — 320 рублёў).

Калі перавышэньне зафіксавана аўтаматычнай камэрай, то за перавышэньне ад 10 да 20 км/г штраф вырас да 18,5 рубля (раней — 16 рублёў), ад 20 да 30 км/г — да 74 рублёў (раней — 64 рубля), ад 30 да 40 км/г — да 148 рублёў (раней — 128 рублёў), звыш 40 км/г — да 222 рублёў (раней — 192 рублёў).

За няправільную паркоўку трэба будзе заплаціць штраф да 37 рублёў (раней — да 32 рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG