«Сёньня, напярэдадні Дня правоў чалавека, я накіравала ліст у падтрымку Дар’і Лосік, незаконна зьняволенай беларускім рэжымам. Ці 4-гадовая Паўліна Лосік будзе сустракаць Каляды бяз мамы? Дзякуй жанчынам — сьпікерам парламэнтаў з Польшчы, Бэльгіі, Кіпру, Літвы і Славеніі за подпісы пад гэтым лістом!» — напісала Маркета Пэкарава Адамава ў Твітэры.
- Пракуратура Берасьцейскай вобласьці на гэтым тыдні накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні Дар’і Лосік у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361–4 КК). Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
- Паводле матэрыялаў справы, Дар’я Лосік дала інтэрвію «экстрэмісцкаму фармаваньню» «Белсат», у якім пазыцыянавала сябе як жонку «палітвязьня». Яна дала асабістую нэгатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампэтэнцыі якіх аднесеныя крымінальны перасьлед і адпраўленьне правасудзьдзя, таксама адзначыла пракуратура.
- Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка. Дачка Ігара і Дарʼі Лосікаў цяпер у бабулі зь дзядулем.