Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне Новага году ў Беларусі пройдзе пад наглядам міліцыі, уваход на сьвяточныя пляцоўкі — толькі пасьля надгляду


Сьвяткаваньне Новага году па-за домам у Беларусі будзе спалучана з шэрагам абмежаваньняў і пройдзе пад пільным наглядам міліцыі, вынікае з камэнтара начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандра Купчэні, піша BPN.

«Для павышэньня ўзроўню бясьпекі сьвяточныя пляцоўкі будуць абсьледаваныя сапэрна-піратэхнічнымі групамі, — заявіў Купчэня. — Грамадзяне змогуць прайсьці на ахоўную тэрыторыю толькі пасьля надгляду на спэцыяльна абсталяваных кантрольна-прапускных пунктах. Пры гэтым асобаў у стане алькагольнага ап’яненьня або тых, хто мае забароненыя для праносу прадметы, не прапусьцяць».

Паводле міліцэйскага начальніка, у «асобных месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў» будзе «абмежаваны дарожны рух і зьмененыя маршруты». Патрульныя нарады плянуюць «наблізіць» да забаўляльных установаў, павялічыцца і іх колькасьць.

Прадстаўнік МУС папрасіў паведамляць міліцыянтам у горадзе або па тэлефоне 102 пра «безгаспадарныя прадметы, падазроных грамадзян або выяўленыя правапарушэньні».

«Пераканаўчая просьба з разуменьнем паставіцца да павышаных мераў бясьпекі і выконваць устаноўлены парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў», — заклікаў Купчэня.

Летась беларусы сустрэлі новы год «партызанскімі» салютамі ў 23:34 — на знак салідарнасьці з тымі, што прайшоў праз рэпрэсіі за ўдзел у пратэстах. Дзе-нідзе салютавалі пад воклічы «Жыве Беларусь!».

Сымбалічны час 23:34 замест поўначы — гэта згадка пра сумнавядомы «народны артыкул» 23.34 КаАП (цяпер арт.24.23) «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў», па якім пасьля выбараў былі асуджаныя тысячы беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG