Дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч у эфіры «Фейгин Live» пракамэнтаваў прысуды «рэйкавым партызанам» са Сьветлагорску, якія атрымалі 66 гадоў калёніі на траіх.
«Як чалавек, на якога крымінальную справу ў Беларусі завялі, я перадаю гарачае прывітаньне гэтым людзям. І калі ўсё гэта скончыцца, а скончыцца яно нашмат хутчэй, чым падаецца тым, хто іх пасадзіў, і калі мы будзем саджаць тых, хто іх пасадзіў, я асабіста пастараюся прыехаць у Беларусь і паціснуць кожнаму з гэтых людзей руку, таму што мінімум на тыдзень яны стварылі праблему для перакіданьня расейскіх вайсковых грузаў падчас пяцітыднёвай спробы расейскіх войскаў узяць Кіеў і акружыць», — сказаў Арастовіч.
Ён адзначыў, што гэта адбывалася ў сакавіку, калі «ніхто ня ведаў, пераможам мы ці не, і ўся вата верыла ў тое, што мы прайграем», таму гэта быў моцны ўчынак, бо «гэта дарога ў адзін канец, калі людзі ішлі на такое».
27 сьнежня ў Гомельскім абласным судзе вынесьлі прысуд тром жыхарам Сьветлагорску, якія ў час наступу расейскіх войскаў на Кіеў спалілі на чыгунцы шафу з электронным абсталяваньнем, каб запаволіць падвоз расейскай вайсковай тэхнікі да ўкраінскай мяжы: Дзяніс Дзікун асуджаны на 23 гады пазбаўленьня волі, Алег Малчанаў і Дзьмітры Равіч — адпаведна на 21 і 22 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Справу вёў судзьдзя Анатолій Сотнікаў у закрытым рэжыме. Таксама кожнага падсуднага аштрафавалі ў памеры 150 базавых велічыняў. Усе каштоўныя рэчы, канфіскаваныя падчас вобшукаў, перадалі на карысьць дзяржавы.
Усе трое 28 лютага 2022 г. падпалілі рэлейную шафу сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы ў Сьветлагорскім раёне. У выніку былі выведзеныя з карыстаньня сьвятлафоры і стрэлачныя пераводы на адным з участкаў чыгункі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца ва Ўкраіну. Гэтую чыгунку пабудавалі падчас Першай сусьветнай вайны таксама для падвозу войскаў у паўднёва-заходнім кірунку.
Сьветлагорцаў затрымалі 4 сакавіка. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.