«Праз два гады пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пазыцыя Францыі застаецца нязьменнай: яна рашуча асуджае рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць насельніцтва і заклікае да безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх адвольна затрыманых у Беларусі», — заявілі BPN у Міністэрстве Эўропы і замежных спраў Францыі, падводзячы вынікі 2022 гады.
У адыходзячым годзе «беларускі рэжым зрабіў новы крок, стаўшы саўдзельнікам неапраўданай і незаконнай агрэсіўнай вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны», адзначылі ў францускім зьнешнепалітычным ведамстве.
«Дазволіўшы расейскім узброеным сілам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну, сп. Лукашэнка зрабіў сваю краіну ўдзельнікам баявых дзеяньняў на баку Расеі насуперак нашым каштоўнасьцям свабоды і дэмакратыі. Францыя можа толькі асудзіць гэта», — падкрэсьлілі ў міністэрстве.
Францыя «па-ранейшаму цьвёрда прыхільная разьдзяленьню беларускага рэжыму і народу».
«Таму ў 2023 годзе мы працягнем падтрымку грамадзянскай супольнасьці і намаганьняў беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку з дапамогай нашага спэцыяльнага пасланніка Віялен дэ Вільмэр», — заявілі BPN у зьнешнепалітычным ведамстве.
Дыпляматка Віялен дэ Вільмэр у жніўні 2022 года зьмяніла на пасадзе спэцпасланніка Францыі па Беларусі Нікаля дэ Лякоста. Ён прыбыў у Менск у лістападзе 2020 года ў якасьці амбасадара і ўручыў копіі даверчых лістоў кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею, цяпер нябожчыку. Уручаць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку Францыя адмовілася, лічачы яго нелегітымным кіраўніком краіны. Пасьля гэтага беларускія ўлады адклікалі згоду на прызначэньне дэ Лякоста амбасадарам у Менску. Дыплямат атрымаў статус спэцпрадстаўніка па Беларусі і працаваў за мяжой.