Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 студзеня: сужэнцаў зь Менску асудзілі за пратэсты; у Магілёве затрымалі непаўналетняга навучэнца каледжа мастацтваў


Маргарыта і Сяргей Кудрыцкія
Маргарыта і Сяргей Кудрыцкія

Беларусам працягваюць выносіць палітычна матываваныя прысуды.

Суд Цэнтральнага раёну Менску абвінаваціў Сяргея і Маргарыту Кудрыцкіх ва ўдзеле ў жнівеньскіх акцыях пратэсту 2020 году паводле ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэксу.

Судовы працэс вяла судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Па матэрыялах абвінавачаньня, Сяргей і Маргарыта падчас пратэстаў «знаходзіліся і рухаліся па пешаходнай зоне, мелі бел-чырвона-белы сьцяг і бранзалет і паказвалі двума пальцамі рук знак літары V».

У судзе стала вядома, што Сяргея затрымлівалі яшчэ і 9 чэрвеня 2020 года. Тады ў ягоных рэчах знайшлі нібыта пакецік з марыхуанай. Так у сьледзтва зьявіўся яшчэ адзін артыкул, 328-ы, абвінавачаньне па якім разглядалася адначасова, паведамляюць праваабаронцы.

У выніку Сяргею прызначылі 2 гады калёніі агульнага рэжыму, а Маргарыце — абмежаваньне волі на 3 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Сайт, сацсеткі і лягатып KYKY, а таксама кнігу пра Каран прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Сёньня адбылося чарговае папаўненьне Рэспубліканскага Сьпіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

  • Telegram-канал «Менск 97%»;
  • Кніга «Толкование десяти последних джузов Благородного Корана, и следует за ним важные вопросы, касающиеся мусульманина»;
  • Суполка ў сацсетцы «ВКонтакте» «Свободный Жлобин | Free Zhlobin»;
  • Сайт, сацсеткі і лягатып рэсурса Kyky.org.

Пры гэтым Telegram-канал KYKY ужо прызнаны «экстрэмісцкім». Таксама раней улады прызналі выданьне Kyky.org і «Чай з малінавым варэньнем» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 29 чалавек

30 сьнежня МУС у чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Так, у сьпіс трапіў «рэйкавы партызан» Сяргей Глебка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі Анатоль Латушка, асуджаны на 10 гадоў калёніі Дзяніс Сальмановіч і іншыя.

Цяпер «экстрэмістамі» прызнаныя 2263 чалавекі.

У Магілёве сілавікі затрымалі непаўналетняга навучэнца каледжа мастацтваў

На відэа, якое зьявілася на праўладным тэлеграм-канале, хлопец гаворыць, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

Паводле сілавікоў, хлопец «пасьпеў зарабіць сабе шэраг артыкулаў», сярод якіх «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК). Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманага завуць Дзьмітры Сілін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG