Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імкнёмся дапамагаць, наколькі можам», — заснавальнік BySol Стрыжак пра падтрымку палітзьняволеных


 Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Заснавальнік BySol Андрэй Стрыжак у інтэрвію падвёў вынікі працы за 2022 год, расказаў пра зьмены ў камандзе і вызначыў галоўны напрамак дзейнасьці фонду сёньня.

Андрэй Стрыжак у сваім фэйсбуку падвёў вынікі году працы фонду BySol:

  • агульная сабраная сума дапамогі — 1 мільён 114 тысяч эўра;
  • пэрсанальныя зборы — 315 заявак на суму 425 тысяч 157,55 эўра;
  • дапамога палітвязьням і іхным сем'ям — 810 заявак на суму 148 247 эўра;
  • служба эвакуацыі разгледзела 798 заявак;
  • дапамога Ўкраіне: беларускім добраахвотнікам — 115 643 эўра, гуманітарным арганізацыям — 364 885 эўра,
  • машыны для абароны Ўкраіны — 32;
  • падтрымка ініцыятыў — 32 ініцыятывы на 60 325 эўра,
  • гарачая лінія — 16 548 заявак.

Па словах Андрэя Стрыжака ў інтэрвію BPN, прадстаўнікі дэмакратычных сіл сёньня ў «вялікім крызісе».

У сувязі зь бясконцай колькасьцю працы, няпэўнымі пэрспектывамі, сытуацыяй з вайной і іншым падзеямі адбыўся сур’ёзны надлом у структурах грамадзянскай супольнасьці і палітычных сіл, адзначыў Стрыжак.

На фоне гэтых фактараў, паводле яго, у BySol спакойна ўспрымаецца рашэньне супрацоўнікаў фонду «не працаваць далей у такім абʼёме з чужым горам».

«У нас таксама ёсьць пэўныя зьмены ўнутры каманды. Людзям трэба выдыхнуць, таму што працаваць у такім рэжыме нон-стоп два гады — гэта выпаліць і псыхіку, і „фізыку“, і што заўгодна. Так што мы спакойна ўспрымаем рашэньне людзей не працаваць далей у такім абʼёме з чужым горам і няшчасьцем кожны дзень. Цяпер ідзе абнаўленьне нашай структуры. Наколькі гэта ўплывае на ўстойлівасьць працы і дапамогі? У стратэгічным пляне не ўплывае ўвогуле. Могуць быць нейкія „правісы“ на тактычным узроўні, перамяшчацца тэрміны, але ў цэлым прыярытэты засталіся ранейшымі. Арганізацыя працуе і будзе далей дапамагаць людзям і ў Беларусі, і тым, хто ўжо выехаў».

Галоўным фокус для BySol сёньня, па словах Андрэя Стрыжака, — дапамога вызваленым палітвязьням, колькасьць якіх пастаянна расьце.

«У 2020 годзе быў папулярны слоган „Яны ня будуць сядзець свае тэрміны“. На жаль, людзі тэрміны свае адседжваюць і выходзяць на волю з разбураным мэнтальным і фізычным здароўем, з разбуранымі сацыяльнымі сувязямі. Распадаюцца семʼі, людзі пазбаўляюцца магчымасьці працаваць і зарабляць, вымушаны пакідаць краіну. Ва ўсіх гэтых нюансах мы імкнёмся дапамагаць, наколькі можам».

Стрыжак расказаў, што на гэтым этапе ў BySol ёсьць сродкі на аднаразовую выплату ў памеры 300 эўра.

«Плюс цыкль з 10 бясплатных псыхалягічных сэсій і візавая падтрымка. У пэрспэктыве плянуем аказваць яшчэ і мэдыцынскую дапамогу, шукаем рэсурсы на гэтыя мэты. У найбліжэйшы час будзе выходзіць дастаткова вялікая колькасьць людзей — першая хваля 2020 году, калі давалі даволі „вэгетарыянскія“ тэрміны. У кожнай групе тых, хто вызваліцца, будуць свае патрэбы. У студэнтаў, напрыклад, хутчэй за ўсё, будзе жаданьне працягнуць вучобу, таму мы імкнёмся кансалідаваць намаганьні розных структур, — расказаў Стрыжак. — Мы сёньня размаўляем у Бэрліне, і гэтая каапэрацыя паміж рознымі дыяспарамі вельмі важная, таму што зьяўляюцца магчымасьці, якія не заўсёды відавочныя. З прадстаўнікамі нямецкай дыяспары мы дамовіліся аб супрацоўніцтве ў пытаньнях гуманітарных віз для тых, хто едзе ў Нямеччыну. Усе нашыя нэўронныя сувязі ў беларускай супольнасьці за мяжой пастаянна пашыраюцца за кошт новых кантактаў, і чым іх больш, тым лепш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG