Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падтрымаць палітвязьня, а не расейскую кампанію». Стрыжак папярэджвае пра небясьпеку Lensа і прапаноўвае альтэрнатыву


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

BySol запусьціў флэшмоб #портрет_за_донат. Там можна ахвяраваць пэўную суму і атрымаць свой партрэт, намаляваны мастаком. Усе сабраныя грошы пойдуць на падтрымку сем’яў палітвязьняў.

«Ты можаш атрымаць сапраўды ўнікальную рэч і спалучыць гэта з чымсьці карысным»

Гісторыя флэшмобу пачалася з таго, што людзі ў сацыяльных сетках сталі актыўна карыстацца аплікацыяй Lensа. Гэта адмысловая праграма, якая з дапамогай нэўрасеткі перапрацоўвае фатаздымкі чалавека і стварае партрэты. Пазьней зьявілася інфармацыя, што аплікацыя мае расейскае паходжаньне, кажа Андрэй Стрыжак.

«Ты даеш доступ да сваіх зьвестак, выладоўваеш дастаткова вялікі аб’ём лічбавай інфармацыі пра сябе, што дазваляе навучаць нэўрасетку распазнаваць цябе для нейкіх мэтаў, пра якія ніхто ня ведае, — кажа Андрэй Стрыжак. — Напрыклад, той самы Kipod у Беларусі працуе прыблізна такім самым чынам: сетка, якая навучаецца і мае ў базе вялікую колькасьць тваіх здымкаў. Гэта спрашчае ідэнтыфікацыю людзей, запісаных на камэры вонкавага назіраньня падчас падзеяў 2020 году і пазьней. Вядома, гэта гучыць як кансьпіралёгія, але, тым ня менш, гэта першы момант, які напружыў».

Акрамя пытаньняў бясьпекі, мастачка і актывістка Маша Animia зьвяртае ўвагу на тое, што ў партрэтах, створаных праграмай Lensa, няма нечага ўнікальнага.

«Ты запампоўваеш свае фатаздымкі, табе здаецца, што штучны інтэлект робіць нешта асаблівае, але папраўдзе ўсе гэтыя партрэты вельмі падобныя паміж сабой, — мяркуе Маша. — Груба кажучы, твае здымкі праганяюцца празь нейкія фільтры, чагосьці ўнікальнага ў гэтым абсалютна няма, гэта проста штампавая праца».

Мінімальны тарыф на апрацоўку здымкаў у аплікацыі Lensa складае 3 эўра, кажа Маша.

«Многія рабілі гэта ня раз, куплялі нейкія пашыраныя партрэты, трацілі на гэта грошы, — разважае мастачка. — З аднаго боку, гэта была для іх нейкая забава без усьведамленьня наступстваў, а зь іншага боку — я падумала, што людзям падабаецца мець пра сябе нешта ўнікальнае, як ім здаецца. Я раней зарабляла акурат тым, што пісала партрэты на замову. А цяпер у нас ёсьць праблема падтрымкі сем’яў палітвязьняў, то чаму б не зрабіць так, што ты можаш атрымаць сапраўды ўнікальную рэч і спалучыць гэта з чымсьці карысным? Падтрымаць палітвязьня, а не расейскую карпарацыю».

«Зь Беларусі гэта можа быць небясьпечна»

У выніку ў BySol вырашылі стварыць флэшмоб, які прыцягне ўвагу да палітвязьняў, кажа Андрэй Стрыжак.

«Нягледзячы на тое, што два гады прайшло, нібыта ўжо ўсе забыліся і стаміліся, але ў Беларусі як мінімум 1500 чалавек сядзяць у турмах з палітычных прычынаў, — нагадвае Стрыжак. — Мы запусьцілі флэшмоб з прапановай. Калі яны хочуць партрэт, зроблены ня лічбавай праграмай, а мастаком альбо фотамастаком, то яны могуць ахвяраваць BySol пэўную суму для палітзьняволеных і атрымаць такі партрэт».

Мэханізм флэшмобу працуе так. Чалавек дасылае скрыншот пацьверджаньня, што ён зрабіў ахвяраваньне. Калі прыходзіць пацьверджаньне, мастак пачынае працу над партрэтам. Андрэй Стрыжак зьвяртае ўвагу, што рабіць пераводы з тэрыторыі Беларусі наўпрост у фонд альбо іншую прызнаную «экстрэмісцкай» арганізацыю можа быць вельмі небясьпечна. Значна прасьцей удзельнічаць беларусам, якія знаходзяцца за мяжой.

Акрамя Машы, фонд мае дамоўленасьць зь яшчэ адной мастачкай у Варшаве і фотамастаком у Вільні.

«Там цэны яшчэ ня выстаўленыя, але калі чалавек хоча атрымаць такі партрэт, то можа напісаць у асабістыя паведамленьні на адну з нашых пляцовак у Facebook, Instagam ці Telegram і атрымаць усю інфармацыю», — кажа Андрэй Стрыжак.

Маша дадае, што хоча, каб да флэшмобу далучаліся яшчэ больш мастакоў і фатографаў. Мастачка заўважае, што перад тым, як маляваць партрэт, яна зьвязваецца з чалавекам, даведваецца ягоную гісторыю, любімыя прадметы, колеры і стылістыку.

«Таму ў маім выпадку чалавек можа прапанаваць нешта, мы можам абмеркаваць нейкую ідэю, — кажа Маша. — Паводле маіх умоваў сума ахвяраваньня мусіць быць 200 эўра. Далей яна можа быць і ўдвая большая, тады мы абмяркуем нейкі асобны падыход да гэтага партрэту. Мне хочацца менавіта далучэньня людзей: каб кожны мастак мог прапаноўваць свае варыянты і кожны чалавек, які ахвяраваў, мог сам выбіраць і суму, і нейкія свае пажаданьні. Асабліва зважаючы на тое, што неўзабаве сьвяты, пара цудаў. Я люблю Новы год, і мне вельмі хочацца, каб і сямʼя палітвязьняў займела нейкую падтрымку, і чалавек застаўся з добрым напамінам аб сваіх учынках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG