У Францыі затрымалі аднаго з найзаможнейшых людзей Украіны Канстанціна Жывага, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы офісу генэральнага пракурора Ўкраіны. Там не называюць імя, але з апісаньня становіцца зразумелым, пра каго ідзе гаворка.
Жывага затрымалі ў аўторак, 27 сьнежня, а 28 сьнежня ў судзе францускага гораду Шамбэры яму выбралі меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. У цяперашні час Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны рыхтуе дакумэнты для экстрадыцыі бізнэсоўца ва Ўкраіну, адкуль ён выехаў яшчэ ў 2019 годзе.
На радзіме Жывага падазраюць у арганізацыі прысваеньня маёмасьці камэрцыйнага банку «Фінансы і крэдыт» і далейшай легалізацыі незаконна атрыманых сродкаў у асабліва буйных памерах, гэта адразу тры артыкулы Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. У ДБР удакладнілі, што, акрамя Жывага, падазрэньні выставілі і іншым топ-мэнэджарам банку «Фінансы і Крэдыт». Усіх іх падазраюць у растраце $113 млн даляраў.
«На сёньня накладзены арышт на маёмасьць падазраванага алігарха, а таксама зьвязаных зь ім юрыдычных асоб. У прыватнасьці, акцыі яго прадпрыемстваў на сотні мільёнаў грыўняў — карпаратыўныя правы таварыстваў, 26 аб’ектаў нерухомасьці. Таксама накладзены арышт на маёмасьць іншых юрыдычных асоб, зьвязаных з былым дэпутатам. Сярод іншага гэта 14 маёмасных комплексаў, 21 частка маёмасных комплексаў, 30 нежылых памяшканьняў, 10 кватэр», — адзначылі ў ДБР Украіны.
Канстанцін Жывага — заснавальнік і мажарытарны акцыянэр жалезаруднай кампаніі Ferrexpo, чый асноўны актыў — Палтаўскі горна-ўзбагачальны камбінат. У лістападзе Нацыянальная камісія каштоўных папераў і фондавага рынку Ўкраіны ўхваліла рашэньне аб прымусовым адчужэньні акцыяў прадпрыемства «АвтоКрАЗ», што займаецца вытворчасьцю вялікіх грузавых аўтамабіляў. Жывага меў сваю долю ў гэтым прадпрыемстве. Таксама ён быў зьвязаны з футбольным клюбам з Палтавы — «Ворсклай».
У 2021 годзе ўкраінская вэрсія Forbes паставіла Жывага на трэцяе месца ў рэйтынгу найбагацейшых украінцаў. У рэйтынгу 2022 года ён заняў пятае месца, яго багацьце ацэньваецца ў $1,4 млрд даляраў. Жывага быў дэпутатам шасьці скліканьняў Вярхоўнай Рады Ўкраіны — з 1998-га па 2019 год.