Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе пачалі дэмантаж помніка расейскай імпэратрыцы Кацярыне II


Помнік расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, лістапад 2022
Помнік расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, лістапад 2022

Яго перададуць у мастацкі музэй Адэскай гарадзкой рады.

«Сёньня ў адпаведнасьці з рашэньнем Адэскай гарадзкой рады пачаўся дэмантаж фігуры „Заснавальнікам Адэсы“, вядомай у народзе як помнік Кацярыне II. Гэты помнік згодна з рашэньнем сэсіі будзе перададзены мастацкаму музэю. Ён, а таксама чатыры фігуры, якія зьяўляюцца помнікамі рэспубліканскага значэньня», — сказаў прадстаўнік мэрыі Алег Брындак у відэазвароце.

Паводле яго слоў, такім чынам Адэса пачынае «цяжкі і працяглы, але неабходны працэс пераасэнсаваньня ўласнай гісторыі і вызваленьня ад савецкіх і імпэрскіх мітаў».

30 лістапада Адэская гарадзкая рада падтрымала дэмантаж помнікаў расейскаму палкаводцу Аляксандру Сувораву і «Заснавальнікам Адэсы», больш вядомага як помнік расейскай імпэратрыцы Кацярыне Другой.

28 сьнежня ў Адэсе пачаліся работы па дэмантажы гэтага помніка.

Раней у Адэсе прайшло галасаваньне наконт помніка Кацярыне II. Як паведаміў мэр гораду Генадзь Труханаў, большасьць адэсітаў, якія прагаласавалі, падтрымалі ідэю дэмантажу помніка. Пасьля рашэньне падтрымаў выканкам гарадзкой рады.

Уладзімір Пуцін, выступаючы 27 кастрычніка на Валдайскім форуме, паўтарыў расейскі міт пра Кацярыну II як «заснавальніцу Адэсы», заявіўшы, што «нацыяналісты не адважваюцца» зьнесьці яе помнік у горадзе. Ён таксама фактычна адмаўляў сувэрэнітэт Украіны.

Гісторыкі кажуць, што насамрэч Адэса была заснавана на пачатку XV стагодзьдзя, у часы Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Помнік, пра які згадаў Пуцін, называюць помнікам «заснавальнікам Адэсы», а не Кацярыне як такой, хоць яе каменная статуя — цэнтральная фігура манумэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG