Пасьля начных абстрэлаў з боку Расеі практычна ўся Адэса засталася без сьвятла: ударамі зьнішчаныя адразу некалькі энэргетычных аб’ектаў у Адэскай вобласьці, паведамляе ўкраінская энэргетычная кампанія ДПЭК.
Сытуацыя з электразабесьпячэньнем у вобласьці і Адэсе застаецца складанай. У горадзе адключаныя ад электрычнасьці ўсе спажыўцы акрамя крытычнай інфраструктуры. У населеных пунктах рэгіёну таксама адбываюцца экстраныя адключэньні.
На месца разбураных энэргаабʼектаў прыбылі ўкраінскія вайскоўцы, ратавальнікі і аварыйныя брыгады.
Таксама без сьвятла засталася частка Херсону. Як паведаміў старшыня Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч, у выніку начных абстрэлаў горада расейскімі войскамі была пашкоджаная лінія перадач, безь сьвятла засталіся цэнтар Херсону, Шуменскі мікрараён і Сьцяпанаўка. Электрычнасьці няма ў амаль 2,6 тысяч абанэнтаў. Рамонтныя брыгады энэргетыкаў пачалі аднаўленчыя работы.