Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камітэт макшанаў на эміграцыі» папрасіў міжнародную супольнасьць прызнаць Мардовію акупаванай Расеяй дзяржавай


Плякат з праслаўленьнем Расеі ў мардоўскай жаночай калёніі
Плякат з праслаўленьнем Расеі ў мардоўскай жаночай калёніі

Актывісты нацыянальнага руху, якія аб’ядналіся і актывізаваліся на фоне вайны Расеі супраць Украіны, лічаць, што прызнаньню сувэрэнітэту рэспублікі ў 1990-х перашкодзілі стаўленікі Масквы.

Члены Камітэту прадстаўнікоў народу мокша на эміграцыі напісалі зварот да замежных урадаў і міжнародных арганізацый з просьбай прызнаць Макшана-Эрзянскую Рэспубліку (Мардовію) акупаванай Расеяй дзяржавай. Тэкст звароту на расейскай мове апублікаваны 26 сьнежня ў макшанскім актывісцкім выданьні «Торамань тердемась», пішуць Idel.Realii.

Зварот нацыянальнага руху прысьвечаны ня толькі гісторыі мардоўскай дзяржаўнасьці, але і самому паняцьцю «мардва» і яго гістарычнай некарэктнасьці — макшанскія актывісты, як і эрзянскія, лічаць макшан і эрзян самастойнымі народамі, а канцэпт адзінай мардоўскай нацыі — савецкай каляніяльнай вынаходкай.

У заяве гаворыцца, што ў пэрыяд позьнесавецкага «параду сувэрэнітэтаў» у Вярхоўным Савеце Мардоўскай АССР абмяркоўваліся праекты дэклярацый, згодна зь якімі рэспубліку маглі прызнаць сувэрэннай дзяржавай. Адзін з гэтых дакумэнтаў падрыхтаваў нацыянальны рух «Масторава». Гэтую ідэю не падтрымалі прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі Расеі і Камуністычнай партыі РСФСР. У выніку прынялі дэклярацыю аб дзяржаўна-прававым статусе Мардоўскай ССР, у якім Мардовія прызнавалася дзяржавай у складзе РСФСР без сувэрэнітэту.

«Цяпер, як бы рэжым ні спрабаваў прапагандай абвергнуць факты, Мокша-Эрзянская Рэспубліка знаходзіцца ў вельмі сумным стане, а яе грамадзяне — пад кантролем расейскіх спэцслужбаў. Зь нядаўніх часоў макшаны з эрзянамі яшчэ і добраахвотна адпраўляюцца на забой ва Ўкраіну дзеля выдуманага „русского мира“, не патрэбнага нашым народам», — гаворыцца ў заключнай частцы дакумэнту.

Члены Камітэту зьвярнуліся да заходніх лідэраў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў з просьбай прызнаць цяперашнюю Мокша-Эрзянскую Рэспубліку (Мардовію) акупаванай дзяржавай. Сярод адрасатаў звароту аўтары дакумэнту асобна называюць дзяржавы роднасных фіна-вугорскіх народаў — Вугоршчыну, Эстонію і Фінляндыю.

«Камітэт прадстаўнікоў народу мокша на эміграцыі» зьявіўся пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Канкрэтнай падставай для фармаваньня арганізацыі стала стварэньне ў Мардовіі добраахвотніцкага батальёну «Аралай» («абаронца» па-макшанску) — выкарыстаньне макшанскіх мовы і ідэнтычнасьці ў такім кантэксьце заахвоціла раней разьяднаных актывістаў скаапэравацца і заявіць аб тым, што ня ўсе макшаны падтрымліваюць расейскі бок. Згаданае выданьне «Торамань тердемась» публікавала інфармацыю аб тым, што этнічныя макшаны ёсьць у складзе Ўзброеных сіл Украіны на вайне.

Па выніках закрытага сходу Камітэту, які прайшоў у кастрычніку, публічным прадстаўніком арганізацыі стаў гісторык Чаўганонь Данісі. Паводле яго, актывісты руху пражываюць як за мяжой (Вугоршчына, Эстонія, Фінляндыя, Украіна, Аўстрыя), так і ў Расеі (Саранск, Пенза). Большасьць зь іх аддае перавагу дзейнічаць ананімна ў мэтах бясьпекі.

Макшаны гавораць на мове фіна-вугорскай сям’і, роднаснай эрзянскай, аднак не такой блізкай, каб народы адзін аднаго разумелі на сваіх мовах. Сёньня макшаны пражываюць у заходняй частцы Рэспублікі Мардовія, у Пензенскай вобласьці і некалькіх іншых сумежных рэгіёнах Паволжа. Дакладная колькасьць макшанаў невядомая, бо расейскія перапісы насельніцтва ўлічваюць іх разам з эрзянамі пад агульнай назвай «мардва». Паводле зьвестак перапісу 2010 году, у Расеі пражывала каля 744 тысяч «мардвінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG