Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў відэазвароце павіншаваў беларусаў з Калядамі. Ён адзначыў, што многія людзі ня могуць радавацца надыходу Божага нараджэньня ў сябе дома, і пра іх нельга забывацца.
Ён заклікаў пакінуць на сьвяточным стале пустую талерку, якая будзе сымбалізаваць тых, хто цяпер знаходзіцца ў турмах.
«Мы ня можам перастаць казаць пра пакуты людзей і іх імкненьне жыць годна, права жыць у свабоднай краіне зь верай у ісьціну. Прыходзіць час, калі слова становіцца целам і жыве сярод нас. І так будзе з нашымі словамі пра свабоду — яны стануць целам».
Таксама ён адзначыў, што палякі, якія жывуць у Беларусі, маюць права памятаць, кім былі іх бацькі і дзяды, маюць права вучыць сваю родную мову і разам зь беларусамі змагацца за свабоду Беларусі.