Што тычыцца падзелу, дык ён сапраўды існуе. Але праходзіць, на мой погляд, не па лініі Беларусь — дыяспара, «засталіся»-«зьхалі», а па зусім іншым крытэрыі.
Напачатку вызначымся з тэрмінамі: пад дыяспарай варта разумець ня толькі тых, хто арганізацыйна аб’яднаны ў нейкія палітычна актыўныя суполкі, а ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія зь нейкіх прычынаў пакінулі радзіму. Арганізаваныя якраз складаюць меншую частку і беларуская дыяспара тут не выключэньне.
Калі немагчыма падаць голас
І сярод тых беларусаў, хто на тэрыторыі краіны (іх у дзясяткі разоў болей), і сярод беларусаў замежжа ёсьць розныя людзі. І ў Беларусі, і ў дыяспары ёсьць тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку і вітае працэс інтэграцыі з Расеяй аж да поўнага аб’яднаньня. І ў Беларусі, і ў дыяспары ёсьць тыя, хто лічыць Лукашэнку ворагам беларускага народа, а Расею — экзістэнцыйным праціўнікам.
Безумоўна, сёньня на тэрыторыі Беларусі немагчымая колькі-небудзь публічная дзейнасьць беларускага, не «русскомировского накірунку. Калі працу пісьменьніка ў такіх умовах уявіць яшчэ можна («у стол»), дык тэатральная пастаноўка ці канцэрт, калі аўтары і выканаўцы не прайшлі ідэалягічную цэнзуру, проста фізычна нерэальныя. Пра палітычную актыўнасьць ня варта нават узгадваць.
У гэтым сэнсе магчымасьці тых, хто зьехаў, непараўнальна большыя. Але — не бязьмежныя. Купалаўцы, якія цяпер за мяжой, могуць паставіць п’есу якога заўгодна аўтара, але не зьбяруць і дзясятую частку тых гледачоў, якіх мелі б у Менску. Літаратары могуць прапанаваць творы незалежным выдавецтвам (такія зьявіліся ў беларускім замежжы), але наклады будуць у разы меншыя (посьпех кніг Арлова, Бахарэвіча, Някляева хутчэй выключэньне, чым правіла).
Але ўсё ж значная частка (калі ня большая) тых, каго Валер Карбалевіч называе інтэлектуальнай і творчай элітай, засталася ў Беларусі — літаратары, мастакі, акторы, музыкі, ня кажучы ўжо пра навукоўцаў (хаця і акадэмічныя інстытуты перажываюць ідэалягічную чыстку). Многія зь іх адданыя беларускім нацыянальным каштоўнасьцям і ніколі не пагодзяцца быць пад «русским миром».
Проста іх не заўсёды чуваць, бо права падаваць голас яны пазбаўленыя.
Роля зьнешняга фактару
Цяпер сытуацыя выглядае так, што вызваленьне Беларусі ад дыктатуры можа адбыцца толькі пад уплывам зьнешніх фактараў. Кажу не пра сфармаваны ў іншай краіне корпус узброеных беларускіх патрыётаў, якія імкліва прачэрцяць шлях ад мяжы да палацу Лукашэнкі, а пра зьмены, якія могуць адбыцца вакол Беларусі, найперш у Расеі ў выніку паразы ў вайне супраць Украіны.
Тады можа ўзьнікнуць сытуацыя, якая ў нечым (далёка не ўва ўсім) будзе нагадаць перамены ў ГДР і ЧССР канца 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя — маю на ўвазе «аксамітную рэвалюцыю» у Празе і падзеньне Бэрлінскага муру.
Падзеі тыя сталі магчымыя таму, што ў 1989 годзе ў Крамлі быў Гарбачоў, які аддаў загад дыслякаваным ва Ўсходняй Эўропе савецкім войскам не пакідаць казармаў. У 1968 годзе з Крамля пайшоў зусім іншы загад, і мы памятаем, які лёс чакаў «праскую вясну».
Але і ў выпадку спрыяльных зьнешніх абставінаў асноўную ролю, вызначальную ролю адыграюць менавіта тыя беларусы, якія жывуць у Менску, Віцебску, Горадні, Баранавічах, Слуцку — гэтак жа, як у 1989-м рухавіком «аксамітнай рэвалюцыі» былі праскія студэнты, а не чэхаславацкія дысыдэнты ў Вене ці Мюнхэну.
Кнігі друкавала дыяспара, але на Плошчу выходзілі мясцовыя
Можна прывесьці прыклады і з нашага, беларускага досьведу.
Пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг нам, школьнікам 60-х-70 нам, не казалі — ні ў станоўчым, ні адмоўным сэнсах. Іх быццам і не было ніколі.
Беларускі Народны Фронт, які з канца 80—х выступаў палітычным авангардам руху за Незалежнасьць, быў утвораны пры ўдзеле актывістаў нацыянальнага руху. Іх беларускацэнтрычны сьветапогляд фармаваўся шмат у чым дзякуючы перадачам створанага пад уплывам Рады БНР радыё «Вызваленьне» («Свабода»), чытаньнем выдадзеных дыяспарай ЗША, Вялікай Брытаніі, іншых заходніх краінаў літаратуры, у якой гісторыя Бацькаўшчыны падавалася не праз маскоўскі погляд.
Было б і фактычна памылкова, і гістарычна несправядліва недаацэньваць у гэтым сэнсе ролю беларускай дыяспары. І ўсё ж, незалежнасьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі патрабавалі на плошчы жыхары Менску, а 25 жніўня 1991 прагаласавалі за яе дэпутаты, абраныя жыхарамі гарадоў ды вёсак Беларусі.
Мы цяпер перажываем перафарматаваньне дыяспары, стварэньне новых цэнтраў, зьмену функцый ранейшых.
Працэсы гэтыя праходзяць няпроста, непазьбежныя ў такіх выпадках спрэчкі шматкроць павялічваюцца сацыяльнымі сеткамі, не ўпускаюць свайго і лукашэнкаўскія ды пуцінскія спэцслужбы.
Нацыянальна сьвядомых толькі меншая частка. Пакуль што
Пры гэтым застаецца нязьменным тое, што адрозьнівае беларускую дыяспару ад украінскай ці польскай і пра што мне даводзілася пісаць яшчэ ў канцы 90-х гадоў, на другім ці трэцім годзе жыцьця ў замежжы.
Абсалютная большасьць (па маіх ацэнках — да 90%) беларусаў, якія жывуць за мяжой, абыякавыя да ўласна беларускага, нацыянальнага жыцьця, да культурных каштоўнасьцяў, якія створаныя ці ў дыяспары, ці ў самой Беларусі.
Кіеўская ці варшаўская мадэлька з «Vogue», альбо вядомы спартовец, апынуўшыся ў Нью-Ёрку, абавязкова прыходзілі ва ўкраінскі ці польскі асяродак. Проста хаця б пазнаёміцца. Ня ведаю ніводнага выпадку, калі б такое адбылося са знакамітасьцямі зь Беларусі (не запрошанымі адмыслова дыяспарай), ва ўсякім разе ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Мне называлі імёны вельмі вядомых асобаў, якія, доўгі час будучы ў Лёндане, ня выявілі ніякай цікавасьці да беларускага цэнтру, які сфармаваўся вакол Скарынаўскай бібліятэкі, яе ўнікальнага музэю з рукапісамі Купалы, Коласа, з выданьнямі часоў ВКЛ ды дакумэнтамі БНР.
З другога боку, у 2019 годзе ў краме ў цэнтры Віцебску, дзе свабодна прадаваліся сотні вырабаў зь бел-чырвона-белай сымболікай, я цягам паўгадзіны быў адзіным наведнікам.
Гэта аксіёма: дыяспара цалкам адлюстроўвае мэтраполію.
Тэма для сумеснага вырашэньня
Ёсьць праблема, вырашыць якую можна толькі сумеснымі намаганьнямі тых беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне, і тых, хто ў замежжы. Гэта — вызваленьня палітычных вязьняў, якіх, канешне, значна болей, чым 1442 афіцыйна прызнаных.
Апошнімі днямі абмяркоўваецца, ці можа паспрыяць гэтаму зьняцьце санкцый, а калі можа — ці варта ісьці на тое, што некаторыя аглядальнікі цалкам слушна называюць «гандлем». Мне падаецца, гэта той самы выпадак, калі знайсьці слушны адказ можна толькі сумесна. З аднаго боку, тут павінна быць улічана меркаваньне родных і блізкіх палітвязьняў, абсалютная большасьць якіх застаецца ў Беларусі (і сярод іх, як выглядае, няма агульнай пазыцыі). З другога — калі б такое было прызнана мэтазгодным, паўплываць на заходніх палітыкаў маглі б толькі дзеячы за мяжой, якія маюць рэгулярныя стасункі з заходнімі палітыкамі.
Пошук адказу на гэтае пытаньне — па важнасьці стаіць на першым месцы, бо лёс кожнага беларуса гэткі ж важны, як і лёс Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.