Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абстраляла цэнтар Херсона: загінулі 8 чалавек, дзясяткі параненых, ёсьць разбурэньні


Паводле апошніх зьвестак, у Херсоне ў выніку абстрэлу з боку расейскіх войскаў 24 сьнежня загінулі сама меней 8 чалавек.

Пра гэта паведамляе Херсонская абласная пракуратура Ўкраіны.

Як піша намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка, абстраляны быў цэнтар Херсона. Ён апублікаваў у тэлеграм-канале фатаздымкі наступстваў абстрэлу, на якіх бачныя пашкоджаныя жылыя дамы і пажар.

Паводле Цімашэнкі, раненьні ў выніку абстрэлу атрымалі сама меней 58 параненых, 18 зь іх — у цяжкім стане.

Фота з Херсону апублікаваў таксама прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён назваў абстрэл «тэрорам, які накіраваны на запалохваньне і ажыцьцяўляецца дзеля задавальненьня».

Напярэдадні, паводле зьвестак украінскіх уладаў, пры абстрэлах у Херсонскай вобласьці загінулі 5 мірных жыхароў, 17 чалавек былі параненыя. Яшчэ 4 чалавекі загінулі ў Данецкай, Запароскай і Харкаўскай абласьцях.

Расейскія войскі пакінулі Херсон у лістападзе — пасьля акупацыі, якая доўжылася больш за паўгода. Лінія фронту ў Херсонскай вобласьці цяпер праходзіць па Дняпры. Расейскія вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць Херсон і іншыя тэрыторыі на правым беразе Дняпра. У прыватнасьці, пры абстрэле нядаўна пацярпеў будынак абласной адміністрацыі. Мінабароны Расеі ў зводках ці ня згадвае аб абстрэлах, ці сьцьвярджае, што мэтамі былі вайсковыя аб’екты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG