Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета Латвія спыніла больш за 3 тысячы спробаў абыходу Беларусьсю і Расеяй санкцый ЭЗ


Больш за 3 тысячы спробаў абыходу санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі і Расеі спынілі ў Латвіі за 9,5 месяцаў 2022 году, паведамляе Служба дзяржаўных даходаў Латвіі.

«У ходзе кантролю за выкананьнем санкцый, уведзеных ЭЗ супраць Расеі і Беларусі, мытнае ўпраўленьне Службы дзяржаўных даходаў з сакавіка па сярэдзіну сьнежня 2022 году выявіла парушэньні ў 3040 выпадках і забараніла экспарт, імпарт або транзыт некаторых відаў тавараў з гэтых краін», — гаворыцца ў паведамленьні.

Парушэньні датычыліся вывазу з ЭЗ або ўвозу ў Латвію тавараў з Расеі і Беларусі, якія забароненыя санкцыямі да экспарту або імпарту.

У выніку правядзеньня мерапрыемстваў мытнага кантролю забаронены вываз шматфункцыянальных машын, трансфарматараў, запасных частак да абсталяваньня, транспартных сродкаў, турбарэактыўных рухавікоў і розных мэханізмаў. Прадухіленыя спробы вывазу з ЭЗ мэдыцынскага абсталяваньня, хімічнай прадукцыі, аўтазапчастак, супрацьпажарнага абсталяваньня, грузаў паперы, кардону і іншых тавараў. Таксама мытня забараніла вываз некаторых прадметаў раскошы (дарагія аўтамабілі, матацыклы, кавамашыны, гадзіньнікі, абутак і іншыя тавары).

Часьцей за ўсё латвійскія мытнікі выяўляюць спробы абыйсьці санкцыі з выкарыстаньнем неадпаведных таварных кодаў камбінаванай намэнклятуры (CN) або ўказаньнем заніжанага кошту на прадметы раскошы. У шэрагу выпадкаў выяўлена, што на груз афармляліся падвойныя камплекты суправаджальных дакумэнтаў з рознай інфармацыяй пра атрымальніка і адрас дастаўкі, што пацьвярджае факт фактычнага вывазу тавару ў Расею.

Дэпартамэнт падатковай і мытнай паліцыі Службы дзяржаўных даходаў Латвіі да 22 сьнежня 2022 году завёў 114 крымінальных спраў па артыкуле «Парушэньне санкцый, уведзеных міжнароднымі арганізацыямі і Латвійскай Рэспублікай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG