Уладзімір Пуцін не валодае дакладнай інфармацыяй аб становішчы расейскага войска ва Ўкраіне, бо яго найбліжэйшае асяродзьдзе і сілавікі хаваюць ад прэзыдэнта «непрыемныя» дэталі, піша выданьне The Wall Street Journal.
Высновы журналістаў заснаваныя на некалькіх месяцах зносінаў зь дзейнымі і адстаўнымі функцыянэрамі і выведнікамі ў Расеі і на Захадзе, а таксама зь «людзьмі, блізкімі да Крамля».
Паводле крыніц WSJ, Пуцін атрымлівае пісьмовую зводку з фронту кожную раніцу, аднак, па-першае, акцэнт у ёй заўсёды робіцца на посьпехах, а няўдачы згладжваюцца, а па-другое, яна часам спазьняецца на некалькі дзён, паколькі праходзіць праз фільтры ФСБ, Савета бясьпекі і асабіста яго кіраўніка Мікалая Патрушава.
У апошні час Пуцін, як адзначае WSJ, стаў крыху больш цікавіцца рэальнай карцінай вайны, аднак «ён па-ранейшаму акружаны адміністрацыяй, якая падтрымлівае ў ім перакананасьць у тым, што Расея пераможа, нягледзячы на ўсе чалавечыя і эканамічныя страты».
«Па словах былых расейскіх чыноўнікаў і людзей, блізкіх да Крамля, Пуцін поўны рашучасьці прыціснуць Украіну да пазногця і гатовы дзеля гэтага на гады мабілізаваць насельніцтва і эканоміку Расеі», — піша WSJ.
У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў у камэнтары выданьню назваў высновы аб недасьведчанасьці Пуціна аб рэальнай сытуацыі на фронце «пустымі домысламі». «Любыя сьцьвярджэньні аб тым, што ён атрымлівае скажоную інфармацыю, не адпавядаюць рэчаіснасьці», — падкрэсьліў ён.