Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам». Стала вядома пра сьмерць яшчэ аднаго беларуса-добраахвотніка


Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі сьпераду)
Алег «Хмуры» Панамароў (на фота другі сьпераду)

Алег Панамароў загінуў 7 ліпеня, але пра сьмерць гэтага беларуса стала вядома толькі цяпер.

Мужчына прыехаў ваяваць ва Ўкраіну яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая Сеч». Браў удзел у баявых дзеяньнях ля шахты «Бутаўка» і ў Песках на ўсходзе Ўкраіны.

Панамароў нарадзіўся ў Харкаўскай вобласьці Ўкраіны, але ягоныя бацькі разышліся, і маці зь дзецьмі паехала на сваю радзіму, у Магілёў.

Алег Панамароў быў грамадзянінам Беларусі, украінскае грамадзянства змог атрымаць у 2017 годзе. У Беларусі хлопец працаваў арматуршчыкам на заводзе.

«Ён вельмі хацеў дапамагчы Ўкраіне. Ён разумеў, што Расея прыцясьняе ягоную радзіму. Сачыў за Майданам, а калі пачалася вайна, то ня змог заставацца ўбаку», — кажа пабрацім Алега Панамарова Астап.

Алег «Хмуры» Панамароў
Алег «Хмуры» Панамароў

Першым пазыўным Алега быў «Артэга», так ён назваўся ў гонар гішпанскага філёзафа Хасэ Артэга-і-Гасэт. Потым стаў «Катом». Апошнім часам меў пазыўны «Хмуры».

Алег Панамароў служыў намесьнікам камандзіра баявой машыны, наводчыкам-апэратарам штурмавога ўзводу штурмавой роты ў батальёне «Айдар». Загінуў беларус пасьля прамога пападаньня снарада ў акоп, дзе ён знаходзіўся. Гэта адбылося ля вёскі Паўлаўка Данецкай вобласьці.

Пахавалі «Хмурага» ў горадзе Ужгарадзе, на самым захадзе Ўкраіны, у Закарпацьці. Такое месца пахаваньня выбралі таму, што ў Ужгарадзе жыве пабрацім Панамарова Астап, які займаўся пахаваньнем.

«Алег жыў у Краматорску Данецкай вобласьці, але яму вельмі падабаліся Карпаты. Марыў калісьці пераехаць сюды жыць», — кажа Астап.

Пахавалі Алега Панамарова пад бел-чырвона-белым сьцягам.

«Для яго гэта было вельмі важна. Ён заўсёды меў пры сабе шаўрон з Пагоняй. Казаў, калі разьбяромся з Расеяй тут, то пойдзем вызваляць Беларусь».

Беларускаму добраахвотніку было 30 гадоў. Гэта васямнаццатая вядомая сьмерць беларусаў, якія бароняць Украіну ад расейскай агрэсіі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG