Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У санчастку кладуць толькі тады, калі ты зусім пры сьмерці». Што вядома пра сьмерць асуджанай з гомельскай калёніі


У гомельскай жаночай калёніі. Ілюстрацыйнае фота
У гомельскай жаночай калёніі. Ілюстрацыйнае фота

Пра сьмерць зьняволенай жанчыны стала вядома 23 сьнежня. Расказваем некаторыя падрабязнасьці.

Тэлеграм-канал @MAYDAYMog 23 сьнежня паведаміў, што ў гомельскай жаночай калёніі (папраўчая калёнія № 4) памерла асуджаная. «Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 14 на 15 сьнежня. Адну з жанчын, якая знаходзілася ў мэдыцынскім боксе калёніі, экстрана адвезьлі ў рэанімацыйнае аддзяленьне аднаго са шпіталяў Гомля. Але выратаваць яе не ўдалося», — паведаміў тэлеграм-канал.

Паводле MAYDAYMog, які спасылаецца на мэдыкаў, прычына сьмерці жанчыны ў халатнасьці супрацоўнікаў ПК-4, якія проста да апошняга не хацелі вывозіць зьняволеную ў цывільны шпіталь. У выніку мэдыцынская дапамогу ёй аказалі нясвоечасова. Прозьвішча памерлай і артыкул, паводле якога была асуджаная жанчына, не агучвалі.

Як стала вядома Свабодзе са сваіх крыніц, памерлая жанчына адбывала пакараньне ў атрадзе № 10 жаночай калёніі. Гэта так званы атрад для «малалетак», то бок падлеткаў да 18 гадоў. Тут адбываюць пакараньне і некаторыя дзяўчаты, якім ужо споўнілася 18. У атрадзе найбольшы кантынгент — гэта дзяўчаты да 18 гадоў, асуджаныя паводле наркатычных артыкулаў.

«Яна сядзела, хутчэй за ўсё, за наркотыкі. Ляжала ў санчастцы калёніі. Пэўна, нешта сур’ёзнае, бо трапіць у санчастку можна толькі калі ты зусім пры сьмерці. Яе стан пагоршыўся. Адправілі на „хуткай“ у шпіталь. Там яна памерла», — паведаміла крыніца Свабоды.

Суразмоўца дадае, што ў жаночай калёніі такія выпадкі здараюцца пэрыядычна. 29 лістапада з гомельскай жаночай калёніі і рэанімацыю лякарні хуткай мэдычнай дапамогі трапіла палітзьняволеная Марыя Калесьнікава. Калі пагроза жыцьцю Калесьнікавай зьнікла, яе вярнулі назад за краты, цяпер Марыя знаходзіцца ў санчастцы. Выпадак Калесьнікавай прыцягнуў увагу як беларускіх, так і замежных СМІ.

«Выпадкі сьмерцяў зьняволеных жанчын непублічныя, калі асоба сядзела не за „палітыку“, а за наркотыкі, махлярства, забойства. Пры мне, пакуль я адбывала пакараньне там, памерлі дзьве жанчыны. На жаль, такое ў калёніі здараецца», — дадала іншая крыніца Свабоды, якая нядаўна вызвалілася з жаночай калёніі ў Гомлі.

Для дзяўчат, якія зьдзейсьнілі злачынствы, у Беларусі няма асобнай калёніі, толькі спэцПТВ у Петрыкаве. Туды зьмяшчаюць дзяўчат-падлеткаў узростам ад 12-13 гадоў. У атрадзе «малалетак» у жаночай калёніі Гомля дзяўчаты атрымліваюць адукацыю і вучацца пэўным працоўным прафэсіям — швачкі ці цырульніцы. Тэарэтычна пры жаданьні яны могуць нават атрымаць вышэйшую адукацыю, гэта робіцца дыстанцыйна. Папраўчая калёнія супрацоўнічае з ГДТУ імя Паўла Сухога і ГДУ імя Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG