Як стала вядома «Гомельскай Вясьне», адну са зьняволеных, якая знаходзілася ў мэдычным боксе калёніі, экстрана адвезьлі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Гомельскай гарадзкой лякарні. Аднак выратаваць жанчыну не ўдалося.
Лекары кажуць, што прычына ў нядбайнасьці мэдыкаў ПК-4, якія да апошняга не хацелі вывозіць жанчыну ў цывільную лякарню. У выніку мэдычная дапамога ёй была аказаная нясвоечасова. Прозьвішча памерлай і артыкул, паводле якога яна была асуджаная, лекары не агучылі.
Таксама праваабаронцам стала вядома пра пагаршэньне ўмоваў утрыманьня ў калёніі: з новага году застанецца ўсяго адзін відэазванок праз інтэрнэт-мэсэнджар, колькасьць тэлефонных званкоў таксама паменшыцца на адзін.
Гэтыя захады могуць быць зьвязаныя зь незадаволенасьцю адміністрацыі калёніі тым, што сваякі даведваюцца пра хваробы зьняволеных — гэта відаць і чуваць падчас тэлефонных размоваў і відэасувязі, адзначаюць праваабаронцы.
У Гомельскай калёні знаходзіцца Марыя Калесьнікава і іншыя палітзьняволеныя жанчыны. У канцы лістапада з ШЫЗА гомельскай калёніі была дастаўленая ў рэанімацыю гомельскай лякарні Марыя Калесьнікава. Ёй тэрмінова рабілі апэрацыю. Паводле апошняй інфармацыі, цяпер палітзьняволеная знаходзіцца ў мэдчастцы калёніі.
У Гомельскай калёніі частку тэрміну адбывала палітзьняволеная Натальля Хершэ.