Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 сьнежня: мужа Рабковай арыштавалі на 15 дзён; краязнаўца Чыгрын ня выйшаў на волю пасьля «сутак»


Васіль Хамутоўскі. Архіўнае фота
Васіль Хамутоўскі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Экс-брамніка футбольнай зборнай Беларусі Васіля Хамутоўскага будуць судзіць па «народным» артыкуле

У судзе Ленінскага раёну Менску 28 сьнежня пачнуць разглядаць крымінальную справу супраць былога брамніка футбольнай зборнай Беларусі і трэнэра Васіля Хамутоўскага.

Працэс будзе весьці судзьдзя Тацяна Шоцік, паведамляе «Вясна».

Хамутоўскага абвінавачваюць у «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», паводле арт. 342 КК.

Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасьня пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы. Спачатку яму прысудзілі 13 дзён адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Аднак пазьней Хамутоўскага перазатрымалі ўжо ў крымінальнай справе.

Пасьля выбараў Васіль асудзіў гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, падпісаўшы ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», і выехаў з краіны. Апошнім часам працаваў ва Ўкраіне.

Затрымалі мужа Марфы Рабковай Вадзіма Жаромскага

Як паведамляе «Вясна», гэта адбылося 22 сьнежня раніцай у яго дома.

Пазьней праваабаронцы даведаліся, што Вадзім Жаромскі у ЦІП на Акрэсьціна — яму прызначылі 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Прычыны затрыманьня і артыкул, па якім судзілі Вадзіма, пакуль не вядомыя.

Праваабаронцу і каардынатарку валянтэрскай службы ПЦ «Вясна» Марфу Рабкову 6 верасьня пакаралі 15 гадамі калёніі і штрафам у памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў).

Слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын ня выйшаў на волю пасьля «сутак»

23 сьнежня мінула 7 дзён з часу затрыманьня слонімскага краязнаўцы, журналіста і пісьменьніка Сяргея Чыгрына. Але на волю ён так і ня выйшаў. Паводле атрыманай інфармацыі, на пісьменьніка склалі новы пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), паведамляе «Вясна».

У панядзелак, 26 сьнежня, у Слоніме літаратуразнаўцу чакае новы судовы працэс па адміністрацыйнай справе і, мяркуючы па сытуацыі, новы арышт.

Сяргея Чыгрына затрымалі 16 сьнежня, яму прысудзілі 7 дзён адміністрацыйнага арышту.

Менчуку прысудзілі 6 гадоў калёніі і вялікі штраф, яго судзілі па 5 артыкулах

Менскі гарадзкі суд вынес прысуд 53-гадоваму Андрэю Валасачу: 6 гадоў калёніі, 12 800 рублёў штрафу, а таксама абавязаў выплаціць агулам 43 500 рублёў па судовых пазовах для 31 «пацярпелага», піша праваабарончая валянтэрская група MAYDAY. Прысуд вынесьлі яшчэ 19 сьнежня, але вядома пра гэта стала толькі сёньня.

Андрэй Валасач быў прызнаны вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу: абраза Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК РБ), абраза прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК РБ), стварэньне «экстрэмісцкага» фармаваньня (частка 3 артыкула 361 КК РБ), распальваньне варожасьці (частка 1 артыкула 130 КК РБ), абраза судзьдзі ці народнага засядацеля (артыкул 391 КК РБ).

Выніковы прысуд склаў 6 год пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Агульная сума судовых пазоваў «пацярпелым» склала 43 500 рублёў. Разгляд адбываўся ў закрытым рэжыме.

Андрэя Валасача затрымалі 18 лютага 2022 году ў межах крымінальнай справы аб абразе прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG