Палажэньне прадугледжвае, што пазбавіць званьня і заахвочваньняў могуць, акрамя як за цяжкае альбо асабліва цяжкае злачынства, таксама і за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, прапаганду або публічнае дэманстраваньне, выраб, распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі, распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць».
Прычынай могуць быць і «іншыя дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам ці дыскрэдытуюць спэцфонды».
Пазбаўленыя званьня павінны будуць вярнуць грашовыя выплаты цягам паўгоду, нагрудны знак і пасьведчаньне — цягам месяца. У выпадку, калі пазбаўлены адбывае турэмнае пакараньне, тэрмін вяртаньня грошай будзе працягнуты.
Рашэньне аб пазбаўленьні званьня будзе прымаць рады фондаў, а зацьвярджаць Лукашэнка.
- У студзені 2021 году Першамайскі суд Менску асудзіў студэнта Яўгена Каліноўскага на 4 гады зьняволеньня. Яўгена затрымалі пасьля «ланцугоў салідарнасьці» у Менску 14 ліпеня 2020 і абвінавацілі ў гвалце супраць супрацоўнікаў сілавікоў. Падчас навучаньня ў БДУ Каліноўскі праходзіў стажыроўкі з замежжы, у тым ліку і ў ЗША. Ён быў узнагароджаны прэміяй «Чалавек года Віцебшчыны» і ў уключаны ў лукашэнкаўскі фонд «па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі».