У дакладзе «Беларускі трэкер перамен», складзеным на расейскай мове, дасьледчыкі адзначылі, што ў Беларусі ўвосень 2022-га вырасла колькасьць зафіксаваных праваабаронцамі палітычна матываваных затрыманьняў. Калі ўлетку ў сярэднім затрымлівалі па 100-120 чалавек за месяц, то ўвосень — ажно ў 3,5 раза больш. Вырасла і колькасьць палітычна матываваных судоў: увосень іх было ў сярэднім 145 за месяц, у папярэднія месяцы — па 84.
Павялічыліся тэрміны крымінальных пакараньняў. Калі летам сярэднемесячныя сукупна прысуджаныя тэрміны зьняволеньня складалі прыкладна 125-127 гадоў, то ў верасьні гэты паказчык склаў 412, у кастрычніку — 426 гадоў. Такі рост зьвязаны з разглядам некалькіх гучных спраў — БелаПАНу, Аўтуховіча, групы «Буслы ляцяць», «справы дзесяці».
Растуць тэмпы прызнаньня зьняволеных «палітычнымі». Летам іх штомесяц станавілася больш у сярэднім на 87 чалавек, восеньню — на 110 (а ў лістападзе наагул плюс 139 чалавек).
У восеньскіх затрыманьняў было некалькі асаблівасьцяў.
- Захавалася тэндэнцыя перасьледаваць сваякоў палітвязьняў. Часам затрымліваюць сем’ямі.
- Трэнд на «карпаратыўныя» затрыманьні, калі бяруць супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства, прычым самага рознага профілю.
- Шырыцца тэндэнцыя рэпрэсаваньня пэўных прафэсійных груп — ад сьвятароў да дальнабойнікаў. На новы ўзровень выйшлі рэпрэсіі супраць адвакатуры і мэдыя. Адвакатаў, якія выступаюць на гучных палітычных справах, ня толькі пазбаўляюць ліцэнзіі, але часам заводзяць на іх крымінальныя справы. Што да незалежных журналістаў, то перасьледуюць ня толькі тых, хто піша пра палітыку, але і, напрыклад, пра спорт ці эканоміку (кейсы «Прэсболу», парталу Blizko.by, онлайн-выданьня «Бабруйскі кур’ер»).
- Пачалі заводзіць крымінальныя справы за інтэрвію мэдыя, якія прызнаны «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
- Некаторым палітвязьням выстаўляюць новыя абвінавачаньні і даюць паўторныя тэрміны.
Даклад «Беларускі трэкер перамен» зьмяшчае аналіз трох месяцаў — верасьня, кастрычніка, лістапада. Мэта — зафіксаваць і дасьледаваць тэндэнцыі.
Працавалі над дакладам асацыяваны аналітык Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах Павал Сьлюнькін, заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман, незалежны сацыёляг Піліп Біканаў, праграмны дырэктар «Беларускай Акадэміі» і старшы аналітык «Цэнтру новых ідэй» Генадзь Коршунаў, акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.