Намесьнік міністра эканомікі, гандлёвы прадстаўнік Украіны Тарас Качка заявіў пра немагчымасьці выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для транспартаваньня ўкраінскага збожжа ў літоўскія парты на Балтыйскім моры.
«Аб’ектыўных шанцаў для транзыту празь Беларусь няма. Некалі такая ідэя, гіпатэтычная ідэя, апрацоўвалася, але відавочна, што ў цяперашніх умовах — гэта нерэалістычна з пункту гледжаньня наяўных рызыкаў для бясьпекі. Трэба разумець, што ва ўсіх дыскусіях па лягістыцы ёсьць два вялікія „кіты“ — гэта поўнае разблякаваньне чарнаморскіх партоў, у тым ліку ў Мікалаеве, а таксама разьвіцьцё інфраструктуры на заходняй мяжы — ад Дунаю», — сказаў Тарас Качка на дыскусіі, прысьвечанай вынікам украінскага гандлю ў 2022 годзе.
Паводле яго, бізнэсоўцы ўжо дэманструюць зацікаўленасьць у стварэньні такой інфраструктуры, а міжнародныя фінансавыя інстытуты ўжо гатовыя фінансаваць праекты паабапал мяжы.
«Вядома, для нас найбольш эфэктыўнай была б гісторыя, калі няма абмежаваньняў па транспартаваньні ў цэлым. Свабода навігацыі, свабода транспарту — гэта тое, чаго мы дабіваемся, у тым ліку на фронце, змагаючыся за нашу незалежнасьць. Увогуле сытуацыя, калі мы павінны дамаўляцца аб гарантыях бясьпекі па тым ці іншым маршруце — гэта нонсэнс, гэта яскравы прыклад таго, як вайна ўлазіць у гандаль», — падкрэсьліў намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны.
Прадстаўнік генэральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык 12 сьнежня паведаміў, што Беларусь без папярэдніх умоваў пагадзілася на транзыт збожжа з Украіны праз сваю тэрыторыю ў літоўскія парты.
Такую пазыцыю Беларусі на сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам агучыў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч.
The Wall Street Journal з спасылкай на крыніцы раней пісала, што Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў з Расеі і Беларусі ў абмен на пропуск караблёў са збожжам з партоў Украіны. У МЗС РФ тады заявілі, што для гэтага спачатку неабходна зьняць санкцыі з расейскага экспарту.
Пазьней газэта ўказвала, што ЗША разглядаюць магчымасьць часовага скасаваньня санкцыяў на беларускія калійныя ўгнаеньні ў абмен на транзыт праз тэрыторыю Беларусі ўкраінскага збожжа. Прадугледжвалася, што дастаўляць збожжа з Украіны будуць чыгункай празь Беларусь у літоўскі порт Клайпеда.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Твітэры напісаў, што прапанова Беларусі транспартаваць украінскае збожжа праз сваю тэрыторыю ў Літву — чарговая спроба ўнікнуць санкцыяў. «Украінскае збожжа ўжо ідзе праз Польшчу і іншыя краіны ў парты Балтыі. Гэта пастка. Давайце ня будзем у яе трапляць», — заявіў Наўседа.