Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа раскрыць усе нашыя паролі і хто такія «лічбавыя блізьняты». 10 тэхналягічных тэндэнцый 2023 году паводле Forbes


Робаты перамяшчаюць пакункі на складзе кампаніі Alibaba у Кітаі
Робаты перамяшчаюць пакункі на складзе кампаніі Alibaba у Кітаі

Бізнэсовец і футурыст Бэрнард Мар апісаў у амэрыканскім часопісе Forbes 10 тэндэнцый, якія, на ягоную думку, будуць у 2023 годзе вызначальнымі ў сьвеце тэхналёгій. Прапануем іх вашай увазе ў скароце.

1. Штучны розум (ШР) паўсюль

У 2023 годзе шмат у якіх арганізацыях пачнуць выкарыстоўваць заснаваныя на ШР праграмы са зручнымі інтэрфэйсамі.

Гэтую тэндэнцыю ўжо можна пабачыць у гандлі ўраздроб. Онлайн-служба Stitch Fix выкарыстоўвае заснаваныя на ШР альгарытмы, каб рэкамэндаваць сваім кліентам адзеньне, якое адпавядае іх памерам і густам.

Бескантактныя аўтаномныя пакупкі і дастаўка таксама зробяцца моцным трэндам 2023 году. ШР палегчыць спажыўцам магчымасьць плаціць і атрымоўваць тавары і паслугі. Прадаўцам і кур’ерам трэба будзе прывучацца працаваць побач з машынамі.

2. Часткі мэтасусьвету зробяцца рэальнасьцю

Хоць тэрмін «мэтасусьвет» можа быць занадта амбітны, ён зрабіўся назвай новага інтэрнэту, які дае большы эфэкт прысутнасьці і ў якім мы зможам працаваць, гуляць і камунікаваць на сталай плятформе. Экспэрты прадказваюць, што да 2030 году мэтасусьвет дадасьць глябальнай эканоміцы 5 трыльёнаў (5.000.000.000.000) даляраў.

2023 будзе годам, які вызначыць кірунак разьвіцьця мэтасусьвету на наступнае дзесяцігодзьдзе.

Тэхналёгіі дапоўненай рэальнасьці і віртуальнай рэальнасьці будуць разьвівацца надалей. Варта сачыць за тым, як у мэтасусьвеце ў 2023 годзе будзе расьці працоўная прастора. Варта чакаць большага эфэкту прысутнасьці, які дазволіць праводзіць віртуальныя сустрэчы, на якіх можна будзе разам займацца стваральнай працай.

Кампаніі Microsoft і Nvidia ўжо распрацоўваюць плятформы, якія дазволяць сумесную працу ў мэтасусьвеце над лічбавымі праектамі.

Мы пабачым больш прасунутую тэхналёгію аватараў — нашых вобразаў пры камунікацыі зь іншымі карыстальнікамі ў мэтасусьвеце. Яны могуць выглядаць дакладна як мы, а запіс рухаў можа даць аватарам нават нашы ўнікальныя жэсты і мову цела.

Мы таксама можам пабачыць далейшае разьвіцьцё аўтаномных аватараў на аснове ШР, якія змогуць дзейнічаць у мэтасусьвеце нават бяз нашай прысутнасьці.

Кампаніі ўжо выкарыстоўваюць тэхналёгіі дапоўненай рэальнасьці і віртуальнай рэальнасьці, каб праводзіць навучаньне, і гэты трэнд у 2023 годзе ўзмоцніцца. Кансалтынгавая кампанія Accenture ўжо стварыла асяродак мэтасусьвету з назвай Nth Floor (Паверх № N). У гэтым віртуальным сьвеце існуюць копіі сапраўдных офісаў Accenture. Таму новым супрацоўнікам не абавязкова прыходзіць у фізычны офіс, каб убачыць, што і як там робіцца.

3. Прагрэс у Сеціве-3

Тэхналёгія блокчэйну таксама значна прасунецца ў 2023 годзе, і кампаніі будуць ствараць больш дэцэнтралізаваных прадуктаў і службаў.

Да прыкладу, цяпер мы захоўваем усё ў «воблаку» — але калі мы дэцэнтралізуем захоўваньне інфармацыі і зашыфруем яе з выкарыстаньнем блокчэйну, яна будзе ня толькі ў большай бясьпецы, але мы таксама атрымаем новыя магчымасьці доступу і аналізу.

Унікальныя токены (NFT) у наступным годзе зробяцца больш зручнымі і практычнымі. Да прыкладу, NFT-квіткі на канцэрты патэнцыйна могуць даць вам магчымасьць зайсьці за кулісы ці атрымаць нейкія памятныя рэчы. NFT могуць стаць ключамі, з дапамогай якіх мы ўзаемадзейнічаем з мноствам лічбавых прадуктаў і службаў, або яны могуць замацоўваць кантракты паміж намі і іншым бокам.

4. Збліжэньне лічбавага сьвету зь фізычным

Мы ўжо назіраем такі трэнд, і ў 2023 годзе ён працягнецца. У ім два асноўныя кампанэнты: тэхналёгія «лічбавых блізьнятаў» і трохмернае друкаваньне (3D-друкаваньне).

Лічбавыя блізьняты — гэта віртуальныя сымуляцыі працэсаў ці прадуктаў у рэальным сьвеце. Іх можна выкарыстоўваць, каб тэставаць новыя ідэі ў бясьпечным лічбавым асяродзьдзі. У 2023 годзе мы пабачым усё больш лічбавых блізьнятаў — ад аўтамабіляў да мэдычных прыбораў.

Пасьля тэстаў у віртуальным сьвеце інжынэры могуць мяняць нейкія кампанэнты, а потым ствараць іх у рэальным сьвеце з дапамогай 3D-друкаваньня.

5. Усё большыя магчымасьці рэдагаваньня прыроды

Мы будзем жыць у сьвеце, дзе можна рабіць зьмены ў матэрыялах, расьлінах і нават у людзях, рэдагуючы іх. Нанатэхналёгіі дазваляюць нам ствараць матэрыялы з цалкам новымі ўласьцівасьцямі — такімі, як водаадпорнасьць ці здольнасьць да самааднаўленьня.

Тэхналёгія генэтычнага рэдагаваньня CRISPR-Cas9 існуе ўжо ня першы год, але ў 2023 годзе яе разьвіцьцё паскорыцца і дасьць нам большую магчымасьць «рэдагаваць прыроду», мяняючы ДНК.

Генэтычнае рэдагаваньне можна выкарыстоўваць, каб выпраўляць мутацыі ДНК, разьвязваць праблемы з алергіямі на ежу, узмацняць устойлівасьць сельскагаспадарчых культураў ці нават рэдагаваць такія характарыстыкі чалавека, як колер вачэй.

6. Квантавы прагрэс

Цяпер у сьвеце ідзе гонка, каб маштабна разьвіваць квантавыя кампутары. Новыя спосабы апрацоўкі і захоўваньня інфармацыі ў гэтай тэхналёгіі ствараюцца з ужываньнем часьцінак, меншых за атам. Гэта тэхналягічны скачок — чакаецца, што ён дасьць нам магчымасьць атрымаць кампутары, якія будуць працаваць у трыльён (1.000.000.000.000) разоў хутчэй, чым найхутчэйшыя зь цяперашніх традыцыйных працэсараў.

Патэнцыйная небясьпека квантавых вылічэньняў у тым, што яны могуць зрабіць нашыя цяперашнія практыкі шыфраваньня бессэнсоўнымі — любая дзяржава, якая будзе мець маштабны рэсурс квантавых кампутараў, зможа ўзламаць шыфраваньне іншых дзяржаў, бізнэсаў, сыстэмаў бясьпекі і гэтак далей. Гэта трэнд, за якім у 2023 годзе варта ўважліва сачыць, бо такія краіны, як ЗША, Брытанія, Кітай і Расея, укладаюць у разьвіцьцё тэхналёгіі квантавых вылічэньняў вялікія грошы.

7. Прагрэс у «зялёных» тэхналёгіях

Адзін з найбольшых выклікаў, зь якім цяпер сутыкаецца сьвет, — як абмежаваць выкіды вуглякіслага газу, каб справіцца з кліматычным крызісам.

У 2023 годзе варта чакаць далейшага прагрэсу вакол «зялёнага» вадароду" як чыстай крыніцы энэргіі, якая амаль не стварае выкідаў парніковых газаў. Дзьве вялікія эўрапейскія энэргетычныя кампаніі — Shell і RWE — ствараюць першы маштабны «зялёны» трубаправод ад ветраных электрастанцый у Паўночным моры.

Мы таксама пабачым прагрэс у разьвіцьці дэцэнтралізаваных электрасетак, заснаваных на невялікіх генэратарах энэргіі, якія могуць даваць электрычнасьць, калі асноўная сетка недаступная.

8. Робаты зробяцца больш чалавечнымі

У 2023 годзе робаты стануць бліжэйшымі да людзей — па выглядзе і па здольнасьцях. Такія робаты будуць выкарыстоўвацца ў рэальным сьвеце як бармэны, кансьержы і кампаньёны для людзей сталага веку. Яны таксама будуць выконваць няпростыя заданьні на складах і заводах побач зь людзьмі, якія займаюцца вытворчасьцю і лягістыкай.

Сярод кампаній, якія актыўна працуюць, каб стварыць такіх робатаў для хатняга ўжытку, — Tesla, заснаваная Іланам Маскам. У верасьні 2022 году Маск прэзэнтаваў двух гуманоідных робатаў-прататыпаў і паведаміў, што прымаць заказы ягоная кампанія будзе гатовая ў наступныя 3–5 гадоў. Гэты робат здольны выконваць простыя заданьні — падымаць рэчы і паліваць расьліны, таму, магчыма, мы неўзабаве атрымаем «робатаў-дварэцкіх», якія будуць дапамагаць па доме.

9. Прагрэс у аўтаномных сыстэмах

Бізнэс-лідэры працягнуць ствараць пасьпяховыя аўтаномныя сыстэмы, асабліва ў сфэрах даставак і лягістыкі. Многія заводы і склады ўжо робяцца часткова ці цалкам аўтаномнымі.

У 2023 годзе мы пабачым яшчэ больш самакіраваных транспартных сродкаў і сродкаў дастаўкі.

Брытанскі онлайн-супэрмаркет Ocado апісвае сябе як найбольшая ў сьвеце онлайн-плятформа для гандлю ўраздроб бакалейна-гастранамічнымі таварамі. Ocado выкарыстоўвае тысячы аўтаномных робатаў у вельмі аўтаматызаваных складах, каб сартаваць і перамяшчаць тавары. Склады таксама выкарыстоўваюць ШР, каб разьмяшчаць самыя папулярныя тавары найбольш зручна для робатаў. Іншыя гандлёвыя кампаніі пераймаюць аўтаномныя тэхналёгіі, якія пасьпяхова выкарыстоўвае Ocado.

10. Больш устойлівыя тэхналёгіі

І нарэшце, у 2023 годзе мы пабачым зрухі ў кірунку больш устойлівай тэхналёгіі. Большасьць з нас залежыць ад такіх тэхналягічных прыладаў, як смартфоны і кампутары — але ці ведаем мы, адкуль паходзяць кампанэнты, неабходныя для іх вытворчасьці? Людзі будуць больш зьвяртаць увагу на тое, адкуль, напрыклад, паходзяць рэдкія мінэралы, неабходныя для вытворчасьці кампутарных чыпаў.

Мы карыстаемся «воблачнымі» службамі, такімі як Netflix ці Spotify, якія маюць агромністыя цэнтры дадзеных, дзе спажываюцца велічэзныя аб’ёмы энэргіі.

У 2023 годзе мы пабачым працяг шляху да таго, каб зрабіць ланцугі паставак больш празрыстымі. Спажыўцы патрабуюць, каб прадукты і службы, у якія яны ўкладаюць грошы, былі энэргазьберагальнымі і грунтаваліся на больш устойлівых тэхналёгіях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG