Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра яшчэ аднаго памерлага мігранта на мяжы з Польшчай


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Цела мужчына знайшлі ўначы 20 сьнежня недалёка ад брамкі ў плоце, збудаваным Польшчай на мяжы.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, характар сьлядоў на сьнезе паказвае на тое, што «труп быў перамешчаны з Польшчы ў Беларусь праз брамку для міграцыі жывёлаў у польскай загародзе».

Пры першым аглядзе ў памерлага мужчыны выяўленыя сінякі на твары і канцавінах. Пры ім знойдзены дакумэнты грамадзяніна Сырыі і пастанова аб дэпартацыі ад 19 сьнежня 2022 году з трохгадовай забаронай на ўезд у Польшчу і іншыя дзяржавы краін Шэнгенскага пагадненьня.

Для высьвятленьня абставін сьмерці «праводзяцца сьледчыя дзеяньні».

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што з пачатку году зафіксавалі шэсьць сьмерцяў на мяжы з Польшчай. Целы мігрантаў знаходзілі ў красавіку, кастрычніку і лістападзе.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся летась вясной. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Так, за мінулыя суткі краіны Эўразьвяза не дазволілі нелегальна трапіць 58 мігрантам з тэрыторыі Беларусі.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG