Human Constanta адрэагавала на публікацыю дзяржаўнага выданьня «СБ. Беларусь сегодня».
«З самага свайго заснаваньня праваабарончая арганізацыя Human Constanta ажыцьцяўляла дзейнасьць выключна мірнага і праваабарончага характару. Мы хочам падкрэсьліць, што такая дзейнасьць зьяўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэклярацыяй аб праваабаронцах, зацьверджанай Генасамблеяй ААН 9 сьнежня 1998 году», — заявілі ў арганізацыі і падкрэсьлілі, што ўсе абвінавачаньні, якія прыводзяцца ў артыкуле, зьяўляюцца неабгрунтаванымі.
«Мы, як і раней, будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасьць і далей адстойваць правы чалавека для кожнага, а таксама патрабаваць спыніць усе спробы перасьледу і ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі прафэсійнай дзейнасьці», — адзначылі ў Human Constanta.
Хто такая Наста Лойка
Наста Лойка прыйшла ў валянтэрскую службу Праваабарончага цэнтру «Вясна» яшчэ падлеткам. 8 гадоў адпрацавала ў грамадзкай прымальні «Вясны». У 2018 годзе стала сузаснавальніцаю праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
У Human Constanta Наста займалася абаронай правоў замежных грамадзян і людзей без грамадзянства. Працавала над праблемамі рэпрэсіўнага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, нефармальнай адукацыі ў сфэры правоў чалавека.
І «Вясну», і Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі.
Саму Насту за апошнія месяцы некалькі разоў затрымлівалі і арыштоўвалі. Апошні раз Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка, пасьля чаго ёй чатыры разы запар прысуджалі адміністрацыйны арышт.
Праваабаронцы прызналі Насту Лойку палітзьняволенай.