Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі частку ўдзельнікаў міжнароднай сеткі махляроў, якія выкралі з картак грамадзян звыш 2,5 млн рублёў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так званая «скам-група» дзейнічала з дапамогай праграмы, распрацаванай непаўналетнім беларусам, а кіравалася з Украіны, кажуць беларускія сьледчыя.

У Беларусі затрымалі ўдзельнікаў міжнароднай скам-групы, якая крала грошы з карт-рахункаў грамадзян Беларусі. Сьледчыя заявілі, што затрыманыя ўчынілі больш за 1,5 тысячы крадзяжоў, агульная сума склала больш за 2,5 млн рублёў.

Сярод іншых затрымалі і распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня, якое выкарыстоўвалі зламысьнікі, паведамілі сьледчыя ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

У Беларусі схапілі больш за 20 чалавек, васьмі зь іх ужо выставілі абвінавачаньні. Сьледчыя працуюць з калегамі зь іншых краін.

Па словах прадстаўніка МУС Андрэя Кавалёва, затрымалі ўдзельнікаў пяці ўзроўняў піраміды гэтай злачыннай групы. Усяго ў ёй было больш за 1,3 тыс. удзельнікаў. Арганізатары яе з Украіны, сьледчым вядомыя іх пашпартныя зьвесткі, тэлефоны і нумары рахункаў, куды ішлі грошы.

Распрацаваў праграму непаўналетні грамадзянін Беларусі. Сьледчыя адзначаюць, што гэта ўнікальная праграма, а хлопец навучыўся ствараць праграмы сам.

Уся злачынная дзейнасьць вялася ў інтэрнэце, зазначыў прадстаўнік Сьледчага камітэту Андрэй Матолька. Фактычна ўдзельнікі групы знаходзяцца і пражываюць як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Расеі, Украіне, Казахстане, Польшчы і ў іншых краінах.

Альгарытм працы «скам-групы»:

  • ахвяра (прадавец або пакупнік) уступае ў дыялёг з ашуканцам у чаце па ініцыятыве апошняга (пры гэтым тавар, яго кошт і характарыстыкі значэньня ня маюць, бо тавар — толькі нагода для пачатку дыялёгу);
  • пасьля непрацяглых зносін у чаце гандлёвай пляцоўкі (2-3 паведамленьні) ашуканец пад прыстойнай падставай прапануе ахвяры перайсьці з гандлёвай пляцоўкі і працягнуць зносіны ў «больш зручным», але менш кантраляваным вонкаавым чаце (WhatsApp, Telegram, Viber);
  • абгаварыўшы ў вонкавым чаце тыпавыя дэталі ўгоды, ашуканец высоўвае ўмовы, якія патрабуюць замовы сэрвісу дастаўкі тавару атрымальніку;
  • ашуканец бярэ на сябе ініцыятыву па афармленьні ўгоды і дастаўкі, пасьля чаго дасылае ахвяры (па электроннай пошце ці ў чаце) падрыхтаваную адмыслова для яе фішынгавую спасылку на «новую» плацежную сыстэму гандлёвай пляцоўкі, пацьвярджаючы свае словы падробленым скрыншотам сваёй перапіскі са службай тэхнічнай падтрымкі);
  • ідучы па спасылцы, ахвяра атрымлівае прапанову або аплаціць тавар, або атрымаць на сваю картку поўную суму, часова заблякаваную (са слоў ашуканца) на гандлёвай пляцоўцы;
  • ахвяра, уведзеная ў зман ашуканцам з ужываньнем мэтадаў сацыяльнай інжынэрыі і НЛП, паказвае ў форме рэквізыты сваёй плястыкавай банкаўскай карткі на падробленай старонцы і адпраўляе іх зламысьнікам, якія зьдзяйсьняюць у аўтаматычным рэжыме p2p-перавод грашовых сродкаў на рэквізіты карткі дропэра (чалавек, якога ашуканцы выкарыстоўваюць у сваіх мэтах); далей сродкі транзытам перасылаюцца па выбранай схеме наяўных;
  • калі ахвяра пачынае задаваць пытаньні ў чаце і штосьці падазраваць, ёй тут жа прапануецца аформіць «вяртаньне тавару» і «атрымаць грошы» зваротным пераводам, дзеля чаго ашуканцы ствараюць новую фішынгавую спасылку; прайшоўшы па ёй і паўторна паказаўшы рэквізыты сваёй плястыкавай банкаўскай карткі, ахвяра яшчэ раз пацьвярджае p2p-перавод сваіх грашовых сродкаў на картку дропэра ў іншым банку (і тады ашуканцы атрымліваюць двайны даход).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG