Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вынесьлі першы прысуд за парушэньне мараторыю на рост цэнаў


У краме. Ілюстратыўнае фота
У краме. Ілюстратыўнае фота

Дырэктару крамы з Магілёва прысудзілі два гады калёніі.

Суд у Магілёве прысудзіў 46-гадоваму дырэктару крамы два гады калёніі з адтэрміноўкай за павышэньне цаны на сыр па справе аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (частка 2 артыкула 242 КК). Пра гэта паведамляе выданьне Office Life.

Па рашэньні суду, калі за гэты год жыхар Магілёва ня будзе парушаць закон, то свабоды яго пазбавіць не павінны.

Як пісала пракуратура, павышэньнем цаны на сыр дырэктар крамы «нанёс істотную шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». Гаворка ідзе пра сулугуні ад вытворцы «Бабушкина крынка». 8 кастрычніка цана на гэты тавар аказалася вышэйшай на 26 капеек за кіляграм, чым днём раней. Гэта заўважыла мясцовая жыхарка, яна ж паведаміла пра гэта ў райвыканкам, не ўступаючы ў дыялёг з уладальнікам крамы.

Адвакат магілёўца мяркуе, што складу злачынства ў дзеяньнях яго падабароннага не было: новую цану прызначыў вытворца, а крама сваю цану павысіла ўсьлед за ім. На прылаўку ляжала ўсяго дзесяць упаковак такога сыру, агульная сума перавышэньня — 78 капеек.

Забарону на павышэньне цэнаў у Беларусі ўвёў 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка. Дакумэнт выклікаў рэзананс у беларускім бізнес-асяродзьдзі, асабліва пасьля таго, як у краіне пачаліся арышты дырэктараў крамаў і прадпрыемстваў, якія нібыта завышалі цэны на прадукцыю або адмаўляліся гандляваць сабе на страту.

19 кастрычніка ўрад Беларусі адмяніў агульную забарону на рост цэнаў. Але пакінуў пад кантролем чыноўнікаў 370 найменьняў тавараў, сярод якіх будаўнічыя матэрыялы, прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак, аўтамабілі і іншая прадукцыя. Падвышэньне цэнаў на іх зараз неабходна ўзгадняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG