Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыкады ў Косаве застаюцца. У нядзелю на памежным пераходзе праходзіць маніфэстацыя сэрбскіх ультраправых


Маніфэстацыя сэрбскіх ультаправых на мяжы з Косавам, 18 сьнежня 2022
Маніфэстацыя сэрбскіх ультаправых на мяжы з Косавам, 18 сьнежня 2022

Становішча на памежжы Сэрбіі з часткова прызнаным Косавам застаецца напружаным. Туды прыбылі прадстаўнікі сэрбскіх радыкальных арганізацый, якія патрабуюць ліквідацыі мяжы. Маніфэстацыю ладзіць суполка, што супрацоўнічае з расейскай ПВК «Вагнэр» і падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны.

Апоўдні 18 сьнежня групы сэрбскіх ультраправых прыбылі ў Ярынье, дзе месьціцца памежны пераход Сэрбіі з часткова прызнаным Косавам, якое афіцыйны Бялград не прызнае незалежнай дзяржавай і лічыць часткай сваёй краіны. Маніфэстацыя пачалася на заклік лідэра суполкі «Narodna patrola» Дам’яна Кнежэвіча. Прыехалі прадстаўнікі арганізацыі Dveri і Сэрбскай радыкальнай партыі, прасэрбскія ультраправыя з Чарнагорыі і часткі Босьніі і Герцагавіны — Рэспублікі Сэрбскай.

Яны скандавалі лёзунгі супраць існаваньня памежных пераходаў і патрабавалі вярнуць Косава ў склад Сэрбіі. Акцыя праходзіць на падтрымку косаўскіх сэрбаў.

Натоўп у некалькі дзясяткаў чалавек спыніла ў Ярыньі сэрбская паліцыя. На іншым, косаўскім баку мяжы, зьбіраюцца сілы KFOR — міратворчых сілаў NATO ў Косаве.

Напружанасьць на мяжы Сэрбіі і Косава зноў узмацнілася 10 сьнежня, калі на дарогах зьявіліся барыкады. Сэрбы, якія пераважна насяляюць поўнач Косава, выступаюць супраць перарэгістрацыі аўтамабільных нумароў з старых сэрбскіх на агульныя «альбанскія» косаўскія, а таксама пратэстуюць супраць, на іх думку, дыскрымінацыі сэрбаў у косаўскай паліцыі і іншых дзяржаўных органаў. На пачатку лістапада сэрбы масава сталі пакідаць косаўскія ведамствы і органы на знак пратэсту супраць дзеяньняў косаўскіх альбанцаў.

Суполка «Narodna patrola» прадстаўляе частку ультраправых сілаў Сэрбіі, яе прадстаўнікі адкрыта праслаўляюць сэрбскіх ваенных злачынцаў, выступаюць супраць мігрантаў, падтрымалі вайну Расеі супраць Украіны і сёлета сустракаліся з прадстаўнікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яны спадзяюцца, што Расея дапаможа Сэрбіі вярнуць Косава і вырашыць іншыя праблемныя пытаньні на Балканах.

Lista Serbe, галоўная партыя сэрбаў у Косаве, заявіла, што візыт міністра ўнутраных справаў Косава Джэляла Сьвечлы на пункт пераходу мяжы паміж Косавам і Сэрбіяй Берняк зьяўляецца «правакацыяй з мэтай эскаляцыі сытуацыі на месцы». Той перад гэтым заявіў, што косаўская паліцыя «мае ўсе магчымасьці для ліквідацыі барыкад», але пакуль «ацэньвае сытуацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG