Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На поўнач Косава ўведзены паліцэйскі спэцназ. Сэрбы перакрылі дарогі


Паліцыя Косава на вуліцах населенай пераважна сербамі Косаўскай Мітравіцы
Паліцыя Косава на вуліцах населенай пераважна сербамі Косаўскай Мітравіцы

На поўначы часткова прызнанага Косава мясцовыя сэрбы другі дзень запар блякуюць асноўныя дарогі. Прадстаўнікі паліцыі Косава, якая падпарадкоўваецца ўладам у Прышціне, заявілі аб тым, што ў ноч на нядзелю іх пазыцыі некалькі разоў абстралялі невядомыя. Аб пацярпелых не паведамляецца.

Паліцыя Косава перакрыла два асноўныя аўтамабільныя пераходы з Косава ў Сэрбію.

Сытуацыя на поўначы Косава абвастрылася пасьля затрыманьня былога сэрбскага паліцыянта Дзеяна Пантыча, якога ўлады часткова прызнанай рэспублікі абвінавацілі ў гвалце супраць чыноўнікаў, якія, у прыватнасьці, займаліся падрыхтоўкай выбараў у мясцовыя органы ўлады на поўначы Косава.

Многія косаўскія сэрбы пратэстуюць супраць правядзеньня гэтых выбараў, прызначаных пасьля таго, як каля 600 сэрбскіх прадстаўнікоў пакінулі органы ўлады Косава на знак пратэсту супраць рашэньня ўраду аб непрызнаньні сэрбскіх аўтамабільных нумароў.

На поўнач Косава ў апошнія дні быў уведзены паліцэйскі спэцназ, які складаецца галоўным чынам з этнічных альбанцаў. Гэта стала яшчэ адной нагодай для пратэстаў мясцовых сэрбаў. Прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці прыгразіў, што ўсталяваныя на дарогах барыкады пры неабходнасьці будуць прыбраныя сілай.

Пры гэтым выбары, першапачаткова прызначаныя на 18 сьнежня, перанесеныя на красавік наступнага году. Іх перанос, аднак, не спыніў пратэсты сэрбаў.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч зьвярнуўся да кантынгенту NATO, разьмешчанага ў Косаве, з заклікам ухваліць увод на поўнач Косава сэрбскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. Вучыч сьцьвярджае, што такое права Сэрбія мае паводле рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН ад 1999 году аб урэгуліраваньні косаўскага канфлікту. Адказу NATO пакуль няма, Вучыч прызнае, што хутчэй за ўсё ён будзе адмоўны.

Косава, населены пераважна альбанцамі былы аўтаномны край Югаславіі, у 2008 годзе абвясьціла незалежнасьць. З 1999 года яго тэрыторыя не пад кантролем Сэрбіі — сэрбскія войскі былі выведзеныя ў выніку бамбардзіровак NATO, мэтай якіх называлася выратаваньне альбанскага насельніцтва Косава ад генацыду. Каля 100 краін-членаў ААН прызналі незалежнасьць Косава, аднак яна не прызнаная Сэрбіяй, а таксама такімі краінамі, як Расея, Кітай і некалькі дзяржаў ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG