Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан, Грузія, Румынія і Вугоршчына падпісалі пагадненьне аб пастаўках электраэнэргіі


Віктар Орбан (Вугоршчына), Ільхам Аліеў (Азэрбайджан), Клаўс Ёханіс (Румынія), Іраклі Гарыбашвілі (Грузія) на падпісаньні пагадненьня ў Бухарэсьце
Віктар Орбан (Вугоршчына), Ільхам Аліеў (Азэрбайджан), Клаўс Ёханіс (Румынія), Іраклі Гарыбашвілі (Грузія) на падпісаньні пагадненьня ў Бухарэсьце

Праект зьяўляецца часткай імкненьня Эўразьвязу зьменшыць залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў. Намерам яго пачаць парадаваўся нават прарасейскі прэм'ер-міністар Вугоршчыны, якая нядаўна заблякавала пакет эўрапейскай дапамогі для Ўкраіны.

Кіраўнікі Азэрбайджану, Грузіі, Румыніі і Вугоршчыны 17 сьнежня на сустрэчы ў Бухарэсьце падпісалі пагадненьне аб пракладаньні падводнага электракабэлю па дне Чорнага мора для забесьпячэньня Эўропы азэрбайджанскай энэргіяй.

Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс назваў праект «важным» і «амбіцыйным».

Кабэль працягласьцю амаль 1200 кілямэтраў будзе перадаваць электраэнэргію з Азэрбайджану і Грузіі ў Румынію і Вугоршчыну. Праект плянуюць рэалізаваць на працягу 6 гадоў.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен прысутнічала на падпісаньні і заявіла, што ЭЗ гатовы аказаць фінансавую падтрымку праекту пасьля яго тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня. Яна сказала, што кабэль «дапаможа ўмацаваць бясьпеку паставак».

Ёханіс падкрэсьліў, што праект уяўляе сабой важны крок ва ўмацаваньні эўрапейскай энэргетычнай бясьпекі і наладжваньні супрацоўніцтва ў Чарнаморскім рэгіёне.

«Улічваючы цяперашні кантэкст бясьпекі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, мы павінны лепш супрацоўнічаць і праяўляць больш салідарнасьці для вырашэньня бягучых праблем», — сказаў ён.

Фон дэр Ляен дадала, што праект «можа прынесьці значную карысьць Грузіі, краіне з эўрапейскім лёсам».

«Гэта можа ператварыць гэтую краіну ў электраэнэргетычны цэнтар і інтэграваць яе ў рынак электраэнэргіі ЭЗ», — сказала яна.

«Кабэль пад Чорным морам мог бы перадаваць электраэнэргію нашым суседзям у Малдове і на Заходніх Балканах і, вядома, ва Ўкраіну».

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які мае самыя цёплыя адносіны з прэзыдэнтам Расеі Пуціным сярод лідэраў ЭЗ, высока ацаніў праект, адзначыўшы, што «часы імпарту таннай сыравіны з Расеі прайшлі».

«Мы хочам мець эканамічны рост і бясьпеку. Мы тут разам, таму што мы дамовіліся вызначыць новыя крыніцы энэргіі для Эўропы», — сказаў Орбан.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў таксама вітаў ініцыятыву як «новы „мост“ з Азэрбайджану ў Эўропу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG