Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў

абноўлена

Аляксей Стрэльнікаў
Аляксей Стрэльнікаў

Стрэльнікаў загінуў у выніку няшчаснага выпадку.

Аляксею Стрэльнікаву было 39 гадоў.

«Няшчасны выпадак здарыўся сёньня. Калі ласка, пакуль не пытайце пра падрабязнасьці. Ведаю гэтага добрага і сьветлага чалавека больш за 20 год, ён хросны майго сына. Разумею, якая гэта вялікая страта для яго сям’і, бацькоў, жонкі Алены і сына Льва...», — напісаў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Аляксей нарадзіўся ў Навасібірску, але «ўсё сьвядомае жыцьцё пражыў у Беларусі». Скончыў факультэт журналістыкі БДУ і магістратуру Акадэміі мастацтваў, атрымаў ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

Супрацоўнічаў зь беларускімі тэатральнымі і культурніцкімі інстытуцыямі (Цэнтар беларускай драматургіі, «Арт Карпарэйшн», Цэнтар экспэрымэнтальнай рэжысуры). Працаваў у Акадэміі мастацтваў, адкуль пасьля пратэстаў 2020 году быў звольнены «за прагул». Перад тым ён заявіў кіраўніцтву пра далучэньне да страйку. Яму не спадабалася, як адміністрацыя рэагуе на сытуацыю ў краіне і размаўляе са сваімі студэнтамі і выкладчыкамі.

Стрэльнікаў быў сцэнарыстам пастаноўкі «Гісторыя» ў Ашмяне пра гісторыю і падзеі гэтага мястэчка. Удзельнічаў у абароне крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» у Менску, якую закрылі ўлады.

Як піша Reform.by, апошнім часам як рэжысэр і мэнэджар ставіў монаспэктаклі, ладзіў закрытыя паказы ў Менску.

На сьмерць Аляксея Стрэльнікава адрэагаваў пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

«Самыя жахлівыя навіны грукаюцца ў дзьверы на досьвітку. Пайшоў ад нас у лепшы сьвет Аляксей Стрэльнікаў, вельмі добры, таленавіты і харошы чалавек, чалавек тэатру. Мы шмат кантактавалі ў 2014-2020: Аляксей рабіў са мной некалькі інтэрвію, запрашаў выступіць перад студэнтамі, мы гулялі ў футбол, працавалі разам над прэміяй Гедройця, размаўлялі, перапісваліся. Чытаю цяпер нашае ліставаньне ў мэсэнджары і разумею, як шмат ён пасьпеў зрабіць, і як шмат не пасьпеў. Яму не былі ўласьцівыя ні снабізм, ні фамільярнасьць, мы да канца былі на „вы“, і мне гэта падабалася. Ён быў адначасова востры і далікатны, разумны і з агнём унутры, а яшчэ: кожнага разу зьдзіўлены — хараством і абсурдам жыцьця.

Пасьля менскай прэм’еры „Сабакаў“ ён напісаў пра спэктакль вялікі тэкст, які сканчаўся такімі словамі: „...шукаць сябе бессэнсоўна. Сябе і сьвет навокал прыйдзецца ствараць наноў. І на нас ляжыць цяжар адказнасьці перад усёй папярэдняй культурай зрабіць яе на такім жа высокім узроўні“.

Калі вы былі знаёмыя — напішыце пра Аляксея. Такіх людзей нельга забываць».

Успомніў Стрэльнікава і журналіст Дзяніс Марціновіч, паразважаўшы наш ягоным апошнім статусам у сацыяльных сетках і творчы шлях.

«Разважаючы пра Лёшу, спрабуючы дакладна сфармуляваць яго месца і ролю як у сёньняшнім працэсе, так і ў нашым жыцьці, прыйшоў да наступнай высновы: для мяне Лёша — тэатральны дон Кіхот, адзін з рыцараў беларускага тэатру.

Няглядзячы на сваю кандыдацкую ступень — ён абараніў дысертацыю па Брэхту — Лёша ня быў клясычным тэатразнаўцам, каго ў большай ступені цікавіў канчатковы вынік: спэктакль, яго мастацкае значэньне і месца ў сыстэме каардынатаў. Ён быў крытыкам, а яшчэ пэдагогам, матыватарам, мэнэджэрам. Але яго мэтай не было толькі зарабіць грошы. Лёшу падабалася прасоўваць спэктаклі і праекты, зводзіць у агульнай прасторы людзей. Ён любіў ня толькі тэатар, але й людзей у ім. І, як мне здаецца, працэс часам цікавіў яго нават больш, чым канчатковы вынік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG