Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэмарш купалаўцаў — галоўная падзея ўсёй гісторыі беларускага тэатру». Апошняе інтэрвію Аляксея Стрэльнікава


Аляксей Стрэльнікаў
Аляксей Стрэльнікаў

Інтэрвію не публікавалася некалькі месяцаў. У ім — думкі вядомага беларускага тэатральнага крытыка пра лёс нацыянальнага тэатру, публіку на спэктаклях пасьля 2020 году, праблематыку пастановак, беларускую мову і іншае.

Сайт выданьня «Новы час» апублікаваў інтэрвію, якое тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў даў на выпадак свайго арышту. Напярэдадні ён памёр ва ўзросьце 39 гадоў.

«Напад Расеі на Ўкраіну, апроч іншага, пераканаў нас у тым, што ўсе савецкія гістарычныя наратывы, якія выкарыстоўваліся для абмеркаваньня тэмы вайны, паслужылі ідэалягічнаму апраўданьню для агрэсіі. Сёньня падобныя наратывы са сцэн беларускіх тэатраў працягваюць гучаць»;

«Ваенныя злачынствы ўчыняюцца паўсюль. Людзі, якія адназначна становяцца на нейкі бок, вымушаныя гэтыя злачынствы апраўдваць — ці то жахі Бучы, ці расстраляныя калені расейскіх палонных. Мне здаецца, у падтрымцы аднаго з двух бакоў павінна быць нейкая мяжа, якую пераходзіць нельга. Але гэта складана»;

«Мы прыдумалі такі прыём: акторы існуюць на сцэне і пры гэтым на іх крычыць рэжысэр — гарлапаніць, што яны ўсё робяць ня так. Пастаянна знаходзячыся пад гэтым ціскам, артысты павінны выпрацаваць здольнасьць не падпарадкоўвацца загадам. Мэта спэктакля была ў тым, каб намацаць свабоду»;

«Мае калегі, якія працягваюць там працаваць [у беларускіх тэатрах], падкрэсьліваюць, што застаюцца ў гэтых тэатрах дзеля сваёй публікі, дзеля людзей, якія да іх прыходзяць. І я сапраўды бачыў, як у адным зь беларускіх тэатраў акторы выходзілі на паклон і пляскалі ў ладкі гледачам, бо прысутныя дакладна разумелі, што на сцэне і ў залі ўсе думаюць пра адно. Моманты, калі атрымліваецца намацаць падобнае яднаньне, надзвычай каштоўныя. Па сутнасьці, тэатар для таго і патрэбны. Але сёньня падобныя выпадкі — выключэньне»;

«Шмат хто кажа, што „трэба працягваць хоць неяк жыць“, і ў гэтым, напэўна, таксама ёсьць праўда. Але асабіста я ў сучасных афіцыйных менскіх тэатрах не магу адчуць неабходны тэатральны настрой, калі можна цалкам аддацца відовішчу. Прысутнічае ўнутранае адчуваньне крывадушнасьці, таго, што ўсё, што адбываецца, несапраўднае, што і самім артыстам неістотна тое, пра што яны сёньня гавораць са сцэны. Адзін з асноўных праўладных мэсэджаў — у тым, што, маўляў, у нас усё наладзілася, мы вяртаемся да нармальнага жыцьця. А тэатар — істотны складнік гэтага самага „нармальнага жыцьця“.

Але вось гэтая дэманстрацыя нармальнасьці ў той час, калі ў нас каля дзьвюх тысяч палітвязьняў, дурная і злачынная, а артысты афіцыйных тэатраў, якія ўдзельнічаюць у гэтай дэманстрацыі, па сутнасьці, займаюцца прапагандай, магчыма, самі таго не ўсьведамляючы»;

«Я лічу, што дэмарш купалаўцаў — галоўная тэатральная падзея ня толькі апошніх гадоў, але і ўсёй гісторыі беларускага тэатру»;

«Аднойчы ў Германіі я бачыў супэравангардную пастаноўку — з голымі людзьмі, сцэнай, залітай вадой і пяском... Мне, чалавеку нагледжанаму, яна падалася даволі складанай для ўспрыманьня. Але побач са мной сядзелі звычайныя нямецкія пэнсіянэры, умоўныя „тэатральныя бабулі“, якія былі ў захапленьні ад таго, што адбывалася на сцэне, таму што гаворка ў пастаноўцы ішла пра тыя падзеі, якія адбываліся ў іх родным горадзе, якія яны непасрэдна перажывалі, хтосьці зь іх ад гэтых падзей пацярпеў. І мясцовы тэатар пастараўся ўсё гэта асэнсаваць. Я ўпэўнены, што такі тэатар у Беларусі быў бы вельмі запатрабаваным»;

«Летам 2021 году мы рабілі спэктакль пра расстрэлы ВЧК часоў грамадзянскай вайны. Беларускае грамадзтва безумоўна было траўмавана міліцэйскім гвалтам, яно цяжка ўспрымае рэфлексію на гэтую тэму, але мы распрацавалі спэцыфічны падыход — падавалі жорсткі тэкст максымальна адхілена, скажам так, лёгка. І гэта спрацоўвала. Людзі глядзелі на даўно мінулыя падзеі і разумелі: тое, што сёньня перажываюць яны, таксама пройдзе, калі-небудзь мы будзем гаварыць пра гэта ў мінулым часе. Я бачыў сучасны беларускі спэктакль, у якім уздымалася пытаньне „Што такое сям’я АМАПаўца? Як чальцы гэтай сям’і паміж сабой размаўляюць, як разважаюць?“ Водгук у імправізаванай залі для гледачоў быў вельмі жывы»;

«Падпольныя паказы ня могуць быць масавымі, але кожны артыст робіць выбар для сябе: альбо ісьці на дазволеную масавую аўдыторыю з дуляй у кішэні, альбо выступаць на ўмоўныя 20-30 чалавек, але пры гэтым гаварыць ад першай асобы, ад сябе»;

«Я баюся таго, што мы робім. Мне ня хочацца сесьці ў турму, але для мяне падпарадкавацца гэтаму страху — значыць прайграць»;

«Калі менскі ТЮГ робіць спэктаклі на расейскай мове, ён губляе вельмі істотны складнік сваёй ідэнтычнасьці. Адзіны дзіцячы тэатар толькі на беларускай мове ва ўсім сьвеце — гэта крута. Калі хтосьці думае, што спэктаклі на расейскай мове адразу стануць нашмат больш папулярнымі — не, ня стануць. Тыя гледачы, якія не хадзілі на Быкава на беларускай мове, ня пойдуць і зараз. Я ня тое каб не падтрымліваю такі ход, таму што лічу гэта нейкім блюзьнерствам, проста пастаўленых мэтаў новае кіраўніцтва тэатру гэтым сапраўды не дасягне.

Апошнім часам рэйтынг беларускай мовы настолькі ўзрос, на маёй памяці ён ніколі ня быў такім высокім. Гэтым трэба карыстацца. Рэклямнікі, напрыклад, рабілі гэта даволі актыўна. Зараз, я так разумею, будуць менш, бо ад асацыяцыі беларускага як антыдзяржаўнага пазбавіцца не атрымаецца ніколі. Чалавек, які размаўляе на беларускай мове, заўсёды будзе падазроным для ўладаў. Мова — наш нацыянальны спосаб контркультуры»;

«Я ня супраць таго, каб афіцыйныя тэатры існавалі. Няхай выходзяць на сцэну, няхай ганьбяцца. Высокага мастацтва ў гэтых тэатрах вы сёньня ня знойдзеце. Знойдзеце мастацтва з дазволенай ступеньню кампрамісу»;

«У тэатральнай адукацыі трэба арыентавацца на пэдагогаў, ісьці да таго майстра, чые спэктаклі табе падабаюцца. Мне вельмі шкада тых людзей, якім зараз трэба ісьці ў беларускія школы, ВНУ ці ехаць паступаць у расейскія. Горшага часу проста не прыдумаеш»;

«Зь Беларусі нікуды зьяжджаць не хачу. Я адчуваю, што тут ёсьць мой глядач і артысты, якім я патрэбны. Жыць у мірнай, спакойнай краіне, у якой ты нікому не патрэбны, разыгрываеш нейкія трагедыі, а людзі не разумеюць, пра што ты — ня выйсьце».

Аляксей Стрэльнікаў пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 39 гадоў. Ягоны сябар, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін паведаміў, што гэта адбылося ў выніку «няшчаснага выпадку», але падрабязнасьцяў пакуль не прывёў. Стрэльнікаў працаваў у Акадэміі мастацтваў, адкуль пасьля пратэстаў 2020 году быў звольнены «за прагул». Перад тым ён заявіў кіраўніцтву пра далучэньне да страйку. Яму не спадабалася, як адміністрацыя рэагуе на сытуацыю ў краіне і размаўляе са сваімі студэнтамі і выкладчыкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG