Андрэя Кобеля, былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь» у Літве, а потым – у расейскім Сочы, затрымалі нібыта за шпіянаж на карысьць Літвы.
Аб гэтым увечары 14 сьнежня паведамілі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».
Паводле вэрсіі беларускіх уладаў, Кобель трапіў пад уплыў літоўскіх спэцслужбаў, калі ўзначальваў санаторый «Беларусь» у Друскеніках. У сюжэце БТ сьцьвярджалася, што на супрацоўніцтва яго вымусілі пайсьці пагрозамі аб магчымым судовым перасьледзе ў Літве за раскраданьне сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя.
Беларускія прапагандысты таксама сьцьвярджаюць, што Андрэй Кобель наймаў на працу ў санаторый «Беларусь» людзей, якіх рэкамэндаваў яму Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Супрацоўніцтва Кобеля з літоўскімі спэцслужбамі нібыта працягвалася і тады, калі ён працаваў кіраўніком беларускага санаторыя ў расейскім Сочы, куды зь візытамі прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка.
Афіцыйных камэнтароў з боку беларускага КДБ па справе Андрэя Кобеля не было. Вядома, што ён быў арыштаваны яшчэ на пачатку лета 2022 году.
Што сказалі ў літоўскай спэцслужбе
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Там адказалі, што пакідаюць гэтую справу без камэнтароў.
Галоўным доктарам санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Андрэй Кобель працаваў на працягу 10 гадоў, затым займаў гэтую ж пасаду ў Расеі ў беларускім санаторыі ў Сочы. Пасьля ўзначаліў аддзяленьне аднаго з РНПЦ у Менску. Паводле беларускага заканадаўства, шпіянаж на карысьць замежнай дзяржавы караецца тэрмінам пазбаўленьня волі ад 7 да 15 гадоў.