Нядаўна друскеніцкі санаторый «Беларусь», якім кіруюць беларускія ўлады, паведаміў, што вымушаны звольніць 1/4 пэрсаналу, бо Літва не выдае візаў грамадзянам Беларусі.
МЗС Літвы прапанавала ўзгадняць сьпісы тых, хто прыяжджае ў санаторый, з Офісам Ціханоўскай. У самім Офісе з гэтай нагоды заявілі:
«Беларусы, якім неабходнае лячэньне і адпачынак, маюць права адпачываць у санаторыі ў Друскеніках. Бо ён належыць беларускаму народу, а ня групе самазванцаў, якая захапіла ўладу. Абсалютна непрымальна, каб у гэтым санаторыі адпачывалі тыя, хто мае дачыненьне да рэпрэсій у Беларусі і вайны ва Ўкраіне».
У Офісе Ціханоўскай заявілі таксама, што разам з адпаведнымі структурамі гатовыя аказваць дапамогу ўладам Літвы ў вэрыфікацыі тых, хто едзе туды на адпачынак і рэабілітацыю.
«Пакуль санаторый „Беларусь“ знаходзіцца пад кантролем рэжыму. Але мы гатовы размаўляць з кіраўніцтвам санаторыя наўпрост. Санаторый мог бы прыняць на рэабілітацыю дзяцей і сваякоў рэпрэсаваных, якія пацярпелі ад злачынных дзеяньняў рэжыму», — заявілі прадстаўнікі дэмакратычнай лідэркі Беларусі.
19 кастрычніка МЗС Літвы запрапанавала ўзгадняць сьпісы тых, хто прыяжджае ў санаторый Belorus з Офісам Ціханоўскай. Аб гэтым пісаў партал Delfi.it.
«Мы прапануем санаторыю „Беларусь“ зьвяртацца ў офіс Ціханаўскай, даваць яму сьпіс грамадзян Беларусі, якія маюць намер прыехаць на лячэньне, і атрымаць яго дазвол на прыезд гэтых людзей», — сказана ў камэнтары МЗС Літвы.
«Пасьля атрыманьня ўхваленьня Офісу Ціханаўскай і рэкамэндацый МЗС гатовыя разгледзець пытаньне выдачы візаў», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.
17 кастрычніка санаторый «Беларусь» паведаміў Службе занятасьці аб тым, што неўзабаве звольніць каля 60 работнікаў (1/4 усяго пэрсаналу).
Як расказаў тады BNS кіраўнік і галоўны доктар санаторыя Ільля Епіфанаў, «Беларусь» змушаная скараціць пэрсанал, бо МЗС спыніў выдачу візаў беларускім грамадзянам, у тым ліку непаўналетнім, з пачаткам вайны з Украінай.
«Проста МЗС Літвы не згаджаецца быць пасярэднікам у выдачы візаў для ўезду ў Літву для лячэньня і рэабілітацыі дзяцей зь Беларусі. Да вайны ва Ўкраіне мы штомесяц прымалі каля 50 хворых дзяцей з рознымі дыягназамі», — расказаў BNS кіраўнік санаторыя. Паводле яго, цяпер санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краін Эўразьвязу.
Плянавае скарачэньне супрацоўнікаў санаторыя ўжо другое сёлета — у чэрвені быў звольнены 51 чалавек: мэдсёстры, выхавальнікі, настаўнікі, фізіятэрапэўты. У канцы 2020 году Эўразьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да Галоўнага эканамічнага ўпраўленьня (ГЭУ), у падпарадкаваньні якога знаходзіўся санаторый.
ГЭУ у сваю чаргу знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаваньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі. У сярэдзіне чэрвеня 2021 года санаторый быў перададзены Рэспубліканскаму цэнтру грамадзкага здароўя і санаторна-курортнага лячэньня Беларусі. Праз санкцыі Swedbank замарозіў рахункі санаторыя, але яны былі разблякаваныя летась у ліпені.
Рэакцыя МЗС Беларусі
Зьявілася і рэакцыя МЗС Рэспублікі Беларусь на рашэньне літоўскіх уладаў. Там назвалі гэта спробай афіцыйнай Вільні «спэкуляваць на здароўі беларускіх дзяцей».
«Расцэньваем гэтую выхадку літоўскага замежнапалітычнага ведамства як поўную зьнявагу ўсіх нормаў цывілізаваных зносін, ператварэньне ў фарс сыстэмы дыпляматычных адносін паміж дзяржавамі. Не гаворым ужо аб тым, што перадача асабістых дадзеных і дыягназаў грамадзян неўпаўнаважаным структурам наўпрост супярэчыць заканадаўству Эўразьвязу».
У Менску перасьцераглі ўлады Літвы ад такіх крокаў і заклікалі да іх перагляду.
«Літоўскі МЗС добра абазнаны ў тым, што асноўнай катэгорыяй беларускіх грамадзян, якія накіроўваюцца на аздараўленьне і рэабілітацыю ў Друскенікі, зьяўляюцца дзеці, у тым ліку дзеці-інваліды з рознымі хранічнымі захворваньнямі».
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.