Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на ўлады Шатляндыі.
Два гады таму ў ЗША ў дачыненьні да Масуда былі высунутыя афіцыйныя абвінавачаньні ў тым, што ён сабраў выбуховае прыстасаваньне, якое спрацавала 21 сьнежня 1988 года на борце «Боінга-747» авіякампаніі Pan American.
Тады загінулі ўсе 259 чалавек, якія былі на борце самалёта, што ляцеў з Лёндану ў Нью-Ёрк, галоўным чынам грамадзяне ЗША. Яшчэ 11 жыхароў Локербі загінулі на зямлі.
Масуд — былы афіцэр лібійскай выведкі. Раней, як сьцьвярджаецца, ён сам заяўляў аб сваёй датычнасьці да выбуху ў 1986 годзе дыскатэкі LaBelle у Заходнім Бэрліне, у выніку якога загінулі два вайскоўцы ЗША.
У мінулым месяцы стала вядома, што Масуд быў выкрадзены ў Лібіі нейкай узброенай групоўкай. Тады ж зьявіліся здагадкі, што ён можа быць перададзены выкрадальнікамі ў ЗША. Як менавіта ён патрапіў у Злучаныя Штаты, шатляндзкія ўлады не паведамілі. Яны пацьвердзілі, што брытанскія праваахоўныя органы супрацоўнічаюць з калегамі са ЗША.
Улады ЗША паведамленьне пакуль не камэнтавалі.
У 2001 годзе лівіец Абдэльбасэт аль-Мэграхі быў прызнаны вінаватым у тэракце на борце «Боінга». Яго прыгаварылі да пажыцьцёвага зьняволеньня, аднак шатляндзкія ўлады памілавалі яго ў 2009 годзе, паколькі ён быў сьмяротна хворы. Аль-Мэграхі памёр у 2012 годзе.
Аль-Мэграхі быў супрацоўнікам лібійскай службы бясьпекі. Улады Лівіі на чале з тагачасным дыктатарам Муамарам Кадафі пасьля доўгага пэрыяду адмаўленьня ў 2003 годзе прызналі адказнасьць афіцыйных асоб дзяржавы за выбух і пагадзіліся выплаціць кампэнсацыі сем’ям загінулых. Пытаньне аб тым, ці аддаваў асабіста Кадафі загад учыніць тэракт, застаецца адкрытым, хаця існуе нямала сьведчаньняў таго, што гэта было менавіта так.