Пра гэта паведаміла Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлевізія.
Алена Камінскас атрымала часовы від на жыхарства ў Літве ў 2017 годзе. Летам 2022 году дазвол адклікалі. Таксама ёй забаранілі ўяжджаць у Літву цягам пяці гадоў і ў дзяржавы Шэнгенскага пагадненьня — цягам трох. Дэпартамэнт міграцыі пры МУС Літвы не патлумачыў прычынаў свайго рашэньня. Камінскас паспрабавала абскардзіць пастанову ў судзе.
Судовыя паседжаньні былі закрытымі, бо зацікаўленым бокам у справе праходзіць Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. ДДБ лічыць, што прысутнасьць Камінскас у Літве можа пагражаць нацыянальнай бясьпецы дзяржавы «з прычыны яе сувязяў з расейскімі структурамі». Адпаведную выснову ДДБ падаў у дэпартамэнт міграцыі пры МУС.
Камінскас, у дзявоцтве Шабунова, — былая бортправадніца лётнага атраду расейскага МНС, якое больш за дваццаць гадоў узначальваў Шайгу. Аб яе агульным зь міністрам сыне у 2006 годзе пісала бульварная «Экспресс-газета», а ў 2019-м — расейскае выданьне The Insider. Хлопчык на імя Даніла і зь імем па бацьку Сяргеевіч нарадзіўся ў 2001 годзе, у 2008-м Шабунова нарадзіла дачку Дар’ю Сяргееўну.
Не пазьней за 2019 год яна выйшла замуж за грамадзяніна Літвы Адалфаса Камінскаса і ўзяла яго прозьвішча. Ён афіцыйна ўдачарыў Дар’ю, дзяўчынка атрымала літоўскае грамадзянства. Сама Шабунова па-ранейшаму грамадзянка Расеі.
У афіцыйнай біяграфіі Шайгу яго дзеці ад Шабуновай ня згадваюцца. З 1977 года ён жанаты з Ірынай Шайгу (Анціпінай), у іх двое дзяцей.
Літва — сябра NATO і Эўразьвязу. У адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ЗША і ЭЗ увялі санкцыі супраць расейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, у тым ліку супраць Шайгу.