Адзін супрацоўнік МУС быў паранены. У горадзе закрылі дзіцячыя садкі і школы, заблякавалі ўезды і выезды з Навашахцінску. А мясцовых жыхароў папрасілі не пакідаць свае дамы.
Паводле ТАСС, гэта быў дэзэртыр. А паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «База», ідзецца пра 38-гадовага Паўла Нікуліна. Ён адбываў тэрмін ва ўфімскай калёніі за крадзеж і разбой, дзе яка завэрбавала «ПВК Вагнэра». Прэс-служба стваральніка кампаніі Яўгенія Прыгожына паведаміла, што расьсьледуе дачыненьне гэтага чалавека да ПВК.
У Расеі ў 2022 годзе на 30 працэнтаў вырасла колькасць злачынстваў з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і выбухоўкі. Гэта зьвесткі МУС. Самы вялікі рост фіксуюць на памежнай з Украінай тэрыторыі — у Курскай і Белгарадзкай абласьцях. Чаму так адбываецца, тэлеканалу «Настоящее время» расказаў юрыст Аляксей Федзяраў.
«Зброя ж якая рэч: калі яна ёсьць, яна страляе. Падчас чачэнскіх войнаў вельмі доўга працавала МУС, каб спыніць абарачэньне зброі. А ва ўмовах, калі ў цябе частка краіны проста бязь межаў і краіна проста нейкай сваёй часткай сыходзіць у туман, зь якога бязьмежна паступае зброя, трэба меркаваць, што гэтая зброя зьявіцца на рынку. (…) Спэцыяльна навучаныя людзі, картэлі, арганізаваныя групы проста прывозяць адтуль зброю, зусім свабодна купляючы і правозячы па трасах.
У Расеі ў 2022 на 30% вырасла колькасць злачынстваў з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і выбухоўкі
Прыгожын знайшоў геніяльны PR-ход. Ён кажа, што ў ягоных падразьдзяленьнях існуюць строгія меры адказнасьці за нейкія, як ён называе гэта, „правіны“ — дэзэртырства, марадэрства, — ён вязьням кажа проста: „Хлопцы, у вас ёсьць шанец, ёсьць мера адказнасьці“. У перакладзе на зэкаўскую мову „мера адказнасьці“ значыць, што кагосьці за гэта караюць, але кагосьці, ня ўсіх. Гэта значыць — „У вас ёсьць шанец, хлопцы!“
Што вы думаеце, з сотні вязьняў пяць-дзесяць не паспрабуюць зваліць на волю? Так, вядома, паспрабуюць! Гэта ж нармальна. Гэта трэба спакойна ўспрымаць. Калі ты набіраеш такую публіку, увесь час будзе хтосьці спрабаваць адтуль зваліць, са зброяй пажадана. Гэта ўсё ж лепей, чым бяз зброі. (…)
Магутнасьцяў ні ў крымінальнага вышуку, ні ў падразьдзяленьні для барацьбы з тэрарызмам ФСБ Расеі… проста няма. Упраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пасьпяхова расфармавана Дзьмітрыем Мядзведзевым у бытнасьць яго прэзыдэнтам. (…)
Арганізаваная злачыннасьць — гэта тое, што будзе дыктаваць абстаноўку ў краіне ў бліжэйшыя гады. А будзе перадзел. Адна рэч — перадзел паміж бізнэсоўцамі, а іншая рэч— перадзел паміж буйным крыміналам. Другое значна больш крывава, жорстка і значна больш уплывае на абстаноўку ў краіне, чым першае».