Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская дыпляматыя стала прыдаткам вайны». Вынікі году з Паўлам Сьлюнькіным


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паміж кіраўніком Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам (зьлева) і міністрам абароны Віктарам Хрэніным на саміце АДКБ у Ерэване. 27 лістапада 2022
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паміж кіраўніком Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам (зьлева) і міністрам абароны Віктарам Хрэніным на саміце АДКБ у Ерэване. 27 лістапада 2022

Удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі, беспрэцэдэнтныя заходнія санкцыі, запрашэньне Беларусі ў ШАС, прапанова прызнаць Беларусь акупаванаю, сьмерць міністра замежных справаў Уладзімера Макея — пра гэтыя і іншыя вынікі году ў сфэры міжнародных дачыненьняў разважае экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.

Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін

— Якія найважнейшыя вынікі дзейнасьці беларускай дыпляматыі ў 2022 годзе?

— Самае галоўнае — тое, што Беларусь упершыню прымерала на сябе статус агрэсара. Улады ўцягнулі краіну ў расейскую ваенную інтэрвэнцыю, яны дапамагаюць рабіць ваенныя злачынствы. Беларускія дыпляматы павінны думаць пра тое, што гэта адбываецца зь іхнае згоды, а то і пры іхнай падтрымцы. І беларуская дыпляматыя стала фактычна прыдаткам вайны.

Другі момант больш тычыцца апазыцыі. У беларускіх апазыцыйных колах доўгія гады жылі два ўяўленьні пра ўмовы, неабходныя для падзеньня рэжыму Лукашэнкі, — аднаразовы выхад на вуліцы Менску больш за 100 тысяч пратэстоўцаў і санкцыі Эўразьвязу на імпарт нафтапрадуктаў зь Беларусі.

У 2020 годзе першы з гэтых мітаў быў зьняпраўджаны практыкай. Два наступныя гады, якія прайшлі пад знакам санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў і нават цэлых галінаў беларускай эканомікі, наблізілі нас да зьняпраўджаньня другога. Пасьля ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны Беларусь трапіла пад самыя маштабныя санкцыі ў сваёй гісторыі. Там апынуліся і калійная, і нафтавая, і дрэваапрацоўчая, і банкаўская, і лягістычная, і тытунёвая галіны.

Больш чым праз паўгода дзеяньня гэтых санкцыяў макраэканамічныя паказьнікі ня сьведчаць, што эканоміка дажывае апошнія дні. Тым больш што эканамічныя праблемы не перарасьлі ў сацыяльныя забурэньні.

І рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму пры ўладзе, працягвае вынішчаць усе праявы нязгоды ўнутры краіны.

І трэці вынік году — гэта дэсувэрэнізацыя Беларусі. Пасьля 2020 году, а асабліва пасьля 24 лютага 2022 году, калі Беларусь стала саўдзельніцай ваеннай агрэсіі Расеі, гэты працэс паглыбіўся. І, на жаль, сысьці з гэтага трэку пакуль не ўдаецца. І цягнік беларускай дзяржаўнасьці ляціць у расейскую бездань.

— Ці можна сказаць, што скончылася палітыка шматвэктарнасьці? Менавіта сёлета нават фармальна выключылі з Канстытуцыі пункт аб імкненьні да нэўтралітэту. Ці ўсе «крылы» беларускай дыпляматыі сёлета ўжо «адваліліся», акрамя расейскага?

— Тут можна прыгадаць Марка Твэна — «Чуткі пра маю сьмерць крыху перабольшаныя». Гэта адносіцца і да беларускай дыпляматыі. Яна яшчэ не памерла, але робіцца ўсё больш рыгіднай. І ў 2022 годзе гэта ўзмацнілася.

Год таму мы з Валерам Карбалевічам на Свабодзе падводзілі вынікі 2021 году і абмяркоўвалі, ці можа Захад пайсьці на нейкае пагадненьне з Лукашэнкам. Я тады сказаў, што калі ў рэгіёне адбудзецца велізарны ўзброены канфлікт і Лукашэнка ў ім зойме такую пазыцыю, якую заняў у 2014 годзе, то заходнія краіны могуць заплюшчыць вочы на многае з таго, што творыцца ў Беларусі. І тады Лукашэнка зможа аднавіць сваю замежнапалітычную суб’ектнасьць і аднавіць сувязі з заходнімі краінамі. Я тады так думаў.

І мне было дзіўна, як глыбока ён ангажаваўся ў гэтую вайну. Максымальна глыбока, акрамя непасрэднага ўдзелу ў ёй беларускага войска. Аднак ягоная залежнасьць ад Расеі з 2020 году паглыбілася настолькі, што ён ужо ня мог зрабіць інакш.

Лукашэнка паспрабаваў ізноў іграць ролю міратворцы, гаспадара перамоўнай пляцоўкі. Але, хоць і адбылося некалькі раўндаў перамоваў на ня вельмі высокім узроўні, нічога з гэтага не атрымалася.

Ці будзе Лукашэнка спрабаваць гэта зноў рабіць? Будзе. Але бяз плёну.

Асаблівасьць цяперашніх адносінаў Беларусі і Захаду — няма парадку дня перамоваў, які яны маглі б абмяркоўваць. Чаканьні бакоў адзін ад аднаго несумяшчальныя, няма прасторы для гандлю. Мінімальныя чаканьні кожнага з бакоў вышэйшыя за максымум таго, што можа прапанаваць другі бок.

— Акрамя дыпляматыі ўладаў, ёсьць і дыпляматыя іншага боку — апазыцыі, Офісу Ціханоўскай, Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Адной з галоўных ідэяў апазыцыі амаль адразу з пачатку вайны было міжнароднае прызнаньне таго, што Беларусь акупаваная Расеяй. На прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай 100 дням працы Кабінэту, менавіта дасягненьне гэтай мэты было названа асноўным кірункам дзейнасьці. Чаму пакуль гэтага міжнароднага прызнаньня акупацыі не адбылося?

— Калі коратка адказваць — таму што яна не акупаваная.

— Ну а вось Латушка лічыць, што акупаваная. Ён, як і вы, былы дыплямат, кампэтэнтны чалавек.

— Ёсьць розьніца паміж палітыкам і аналітыкам. Палітыкі імкнуцца дасягнуць палітычных мэтаў, яны не абавязаныя быць аналітычна карэктнымі. Я мяркую, што няма міжнародных юрыдычных мэханізмаў, якія б дазволілі прызнаць Беларусь акупаванаю. Бо няма прыкметаў гэтай акупацыі. Я лічу, што няма магчымасьці дасягнуць прызнаньня гэтага — прызнаньня юрыдычнага, а не на ўзроўні рыторыкі.

Група дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны спрабавала прайсьці па гэтым трэку, яны падалі адпаведны праект пастановы Рады. Ён дагэтуль разглядаецца. Магчыма, у краінах Балтыі і Польшчы гэтая ініцыятыва атрымае палітычную падтрымку. Але зь юрыдычна-праўнага гледзішча гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

Калі кіраўніцтва заходніх краінаў вырашыць разгледзець гэтую прапанову, яно перадасьць яе ў юрыдычныя дэпартамэнты сваіх МЗС, а там яна атрымае адмоўную ацэнку.

Беларусь можа быць прызнаная акупаванай, калі расейскія вайскоўцы будуць ахоўваць Лукашэнку, а расейскія вайсковыя дарадцы — засядаць у беларускім урадзе.

Для прызнаньня акупацыі трэба адпаведная заява кіраўніцтва гэтай краіны. Лукашэнка пра гэта ніколі не заяўляў. Паводле яго, усё, што робіць Расея ў Беларусі, робіцца ў адпаведнасьці зь ягонай добраахвотнай згодай.

— А прэзыдэнт-элект Сьвятлана Ціханоўская? Яна кажа пра акупацыю. І яна не давала расейцам дазволу на напады на Ўкраіну зь беларускай зямлі.

— Прэзыдэнт-элект, сапраўды, такія заявы робіць. Але яна нават не знаходзіцца ў Беларусі. Яе ўрад ня ёсьць міжнародна прызнаным прадстаўніком Беларусі. У адрозьненьне ад чыноўнікаў, якіх прызначае Лукашэнка. Зь нябожчыкам Уладзімерам Макеем на Генэральнай Асамблеі ААН размаўлялі міністры замежных справаў заходніх краінаў. І зь ім сустракаліся не як з прыватнай асобай, а як зь міністрам замежных справаў Беларусі.

А зь Ціханоўскай сустракаюцца як з прадстаўніцай Беларусі, а не як з прадстаўніцай беларускай дзяржавы. Макей на перамовах у Нью-Ёрку прадстаўляў беларускую дзяржаву, Ціханоўская — беларускае грамадзтва, можа, нават частку яго.

Таму і яе заклікі прызнаць Беларусь акупаванаю успрымаюцца як заклікі ўплывовай, можа, самай уплывовай у Беларусі, але прыватнай асобы. Афіцыйна яе ніхто не прызнае прэзыдэнтам-электам. Гэта не сытуацыя Вэнэсуэлы, калі вялікая колькасьць дзяржаваў прызналі прэзыдэнтам гэтай краіны Хуана Гуайдо.

— Мы з вамі гаварылі пра ўзаемаадносіны Беларусі з Захадам і Расеяй. А якія дыпляматычныя вынікі на іншых кірунках? Беларусь была запрошаная ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, Лукашэнка наведаў саміт гэтай арганізацыі.

— Тут для мяне няма нічога новага. І ў мінулым, калі беларускія ўлады траплялі пад санкцыі, рабіліся таксычнымі для Захаду, яны заўсёды спрабавалі шукаць замену на рынках трэціх краінаў. Гэта былі пераважна Азія і Лацінская Амэрыка. Прыгадайце кантакты з Вэнэсуэлай, стасункі з «Рухам недалучэньня».

Калі адносіны з Захадам аднаўляліся, важнасьць гэтых рынкаў часьцей за ўсё падала да нуля. Выключэньні — Вэнэсуэла часоў Чавэса і Кітай. У адносінах з Кітаем ёсьць абсалютна рацыянальны інтарэс. За год беларускі экспарт у Кітай вырас, прычым даволі істотна. І гэта часткова кампэнсуе страты ад гандлю з Захадам праз санкцыі.

Але з палітычнага гледзішча я ня бачу, што памянялася для беларускіх уладаў. Яны як працавалі ў палітычным трэку з азіяцкімі краінамі, з Кітаем, так і працягваюць працаваць. Але Кітай ня стаў надта падтрымліваць беларускія ўлады палітычна.

Што да гандлю, то гэта пераважна экспарт калійных угнаеньняў. Раней іх пастаўлялі морам, празь літоўскія і ўкраінскія парты, цяпер — чыгункай праз Расею. Але ці бяжыць Кітай ратаваць нашу эканоміку? Не.

Мы, беларусы, факусуемся на сваіх праблемах. Калі наш сьвет памяняўся, нам здаецца, што ён і для ўсіх памяняўся. А гэта ня так. Кітай зь яго прагматычнымі інтарэсамі якім быў, такім і застаўся.

Падзеі, якія адбываліся і адбываюцца ў Беларусі, для Кітая проста ня маюць асаблівага значэньня.

— 26 лістапада сёлета памёр міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Сьмерць выклікала гарачыя дыскусіі пра ягоную ролю ў беларускай гісторыі. Ёсьць унівэрсальная формула палітычных аглядальнікаў, якою яны часам злоўжываюць, калі паміраюць важныя пэрсоны. Маўляў, «адышла эпоха». Формула крыху страціла сэнс ад частага паўтарэньня. Тым ня менш ці справядлівая гэтая формула што да Макея? Ці эпоха адышла значна раней за ягоную сьмерць?

— Сапраўды, адышла эпоха Макея як дзяржаўнага дзеяча, які лічыўся, і не без падставаў, адным з самых празаходніх чыноўнікаў Беларусі. Які лічыўся асобай, якая лабіявала лібэральныя рэформы. А я дакладна ведаю, што ён іх лабіяваў. Ён спрабаваў абмяжоўваць рэпрэсіі, якія ішлі з боку спэцслужбаў. Спрабаваў адкрываць Беларусь сьвету. Гэта тое, што ён рабіў ад моманту, калі прыйшоў на пасаду міністра.

У яго былі і іншыя іпастасі. Калі ён быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта, ён ня быў ніякім зацятым лібэралам.

Адышла эпоха чалавека, які быў уплывовай асобай. Яго апаратная вага да жніўня 2020 году была вялікай. Датуль Беларусь жыла ў лёгіцы збліжэньня з заходнімі краінамі, зьмяншэньня ўплыву Расеі. І МЗС было хіба ці не галоўным рухавіком гэтага працэсу.

Але надышоў 2020 год, і ніякі Макей ня здолеў яго зьмяніць. Больш за тое, ён перастроіўся і павярнуўся на 180 градусаў.

І эпоха збліжэньня з Захадам, лібэралізацыі скончылася. А эпоха Макея працягвалася.

Ці значыць гэта, што эпоха замежнай палітыкі, якая скончылася ў 2020 годзе, ня можа вярнуцца? Не, ня значыць. Такая палітыка існавала і да Макея.

У 2008–2010 гадах збліжэньне з Захадам таксама адбывалася, калі міністрам замежных справаў быў Сяргей Мартынаў. Я б сказаў, што тады збліжэньне з эўрапейскімі краінамі адбывалася нават хутчэй, чым у 2014–2019 гадах. Тады беларускі рэжым больш ішоў на саступкі. Ці быў той пэрыяд эпохай Мартынава? Напэўна, не. Такою была лёгіка вонкавай палітыкі Беларусі, беларускага рэжыму.

Эпоха Макея скончылася. Але вонкавая палітыка Беларусі разьвіваецца ня ў зьвязцы зь фігурамі міністраў, хай і ўплывовых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG