Чаму Ціханоўская ўпершыню абвясьціла сябе прэзыдэнткай у артыкуле ў амэрыканскім выданьні? Дзеля чаго яна зрабіла гэта праз два гады пасьля выбараў? Якой будзе рэакцыя беларускага грамадзтва і дэмакратычных сілаў на дэклярацыю Ціханоўскай? У якім выпадку заходнія краіны прызнаюць гэты яе статус?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Сьцісла
Цыганкоў
- Адмовіцца ад заявы, што яна прэзыдэнт-элект, Ціханоўскай будзе ўжо немагчыма.
- Заява пра гэта ў артыкуле ў амэрыканскім выданьні паказвае, хто ў яе мэтавая аўдыторыя.
- У 2020 годзе Ціханоўская не абвяшчала сябе абраным прэзыдэнтам, бо тады меркавалася, што неўзабаве адбудуцца новыя справядлівыя выбары.
- У свой час Захад прызнаў прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо, цяпер прэзыдэнт Макрон сустракаецца зь Нікалясам Мадурам, якому тады адмаўлялі ў прызнаньні.
- Мяркую, што знойдуцца краіны, лідэры якіх будуць сустракацца зь Ціханоўскай, прызнаючы яе новы статус.
- Калі беларускія войскі пашлюць на вайну, Ціханоўскую будуць прымаць як прэзыдэнта ў выгнаньні.
Карбалевіч
- Ціханоўская і раней фактычна выступала ў ролі абранага народам прэзыдэнта.
- Цяпер яна, яе офіс і Кабінэт стаяць перад праблемай: якія крокі трэба рабіць, каб захаваць узровень падтрымкі.
- Беларускае грамадзтва (нават тыя, хто супраць Лукашэнкі) збольшага не заўважыць гэты крок Ціханоўскай.
- Калі Лукашэнка ня ўступіць у вайну войскам, стаўленьне заходніх структураў да Ціханоўскай і Кабінэту ненашмат памяняецца.
- Пытаньне яе статусу будзе абмінацца.
Дракахруст: Інтэрнэт-выданьне Politico апублікавала артыкул Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна ўпершыню публічна назвала сябе «выбранай прэзыдэнткай Беларусі». «Я прэзыдэнт-элект Беларусі, і разам мы пераможам», — такі загаловак мае публікацыя. Палітык заявіла ў інтэрвію, што «перамагла Лукашэнку на ўсеагульных выбарах 2020 году».
Што азначае падобная заява, зробленая ў артыкуле ў замежным выданьні, а не падчас адмысловага ўрачыстага абвяшчэньня? Гэтая пазыцыя Ціханоўскай — канчатковая?
Цыганкоў: Мяркую, што так. Гэта не інтэрвію, а аўтарскі артыкул. «Адкруціць» гэтую заяву немагчыма.
Адметна, што ўпершыню гэтае рашэньне было абвешчанае найперш замежнай, заходняй аўдыторыі. А не на прэсавай канфэрэнцыі і не ў беларускім выданьні.
У чацьвер спаўняецца 100 дзён ад пачатку працы Аб’яднанага пераходнага Кабінэту. Абвешчана, што з гэтай нагоды будзе прэсавая канфэрэнцыя чальцоў Кабінэту, там можна было пра гэта абвясьціць.
Тое, дзе была абнародаваная гэтая заява пра прэзыдэнта-электа, паказвае, якая ў яе мэтавая аўдыторыя. Яна накіраваная да ўвагі заходніх палітыкаў.
У артыкуле сфармуляваныя мэты: Ціханоўская — абраны прэзыдэнт, Лукашэнка — крымінальнік, які захапіў уладу, і да яго трэба ставіцца адпаведна.
Дракахруст: Валер, а ці ня можа быць гэтае абвяшчэньне пра новы статус у артыкуле ў амэрыканскім выданьні пробным шарам? Калі высьветліцца, што рэакцыя на гэта ня надта натхняльная, то можна будзе сказаць, што гэта было сказана паўафіцыйна.
Карбалевіч: Я не бяруся сказаць, што будзе заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі Кабінэту, але я ставіўся б да гэтай заявы асьцярожна і спакойна .
Узьнікае пытаньне, у якой жа ролі выступала Ціханоўская два гады пасьля выбараў 2020 году. Фактычна яна і выступала ў ролі абранага народам прэзыдэнта. Проста няма юрыдычнага мэханізму, які б даказаў гэты яе статус. Яна ўжо два гады выступала ад імя беларускага грамадзтва. А цяпер яна сама, яе офіс, пераходны Кабінэт стаяць перад праблемай: якія крокі трэба рабіць, каб захаваць узровень падтрымкі.
Але калі абвяшчаць, што Ціханоўская — прэзыдэнт, то трэба рабіць і наступныя крокі, у прыватнасьці, праводзіць інаўгурацыю. Калі наступныя крокі ня будуць зробленыя, гэтая рэпліка ў артыкуле застанецца аднаразовым паліттэхналягічным прадуктам.
Дракахруст: Выбары былі ў жніўні 2020 году. Неўзабаве пасьля гэтага плятформа «Голас» на падставе пратаколаў з 1300 участкаў паведаміла, што ў 200 зь іх Ціханоўская атрымала больш за 50% і яшчэ ў 100 — набрала больш, чым Лукашэнка.
У ліпені 2021 году тая ж плятформа «Голас» апублікавала статыстычны аналіз, зь якога вынікала, што Ціханоўская ў 2020 годзе атрымала перамогу на выбарах. Абвешчана гэта было больш за год таму.
Чаму толькі зараз Ціханоўская абвясьціла сябе абранай прэзыдэнткай?
Цыганкоў: Ужо гучаць галасы, што гэта памылка Ціханоўскай, што такое абвяшчэньне не адбылося раней. Пасьля жніўня 2020 году Ціханоўская паўтарала, што ня хоча быць прэзыдэнткай, што яе задача — правесьці свабодныя і справядлівыя выбары.
Тады меркавалася, што гэта адбудзецца хутка. Таму тады яна не абвяшчала сябе прэзыдэнткай.
Цяперашні яе крок (можа, і запозьнены) дэманструе пэўную эвалюцыю і грамадзкай думкі, і каманды Ціханоўскай. Там ёсьць разуменьне, што трэба рабіць нейкія рашучыя, радыкальныя крокі.
Быў створаны Кабінэт. Людзі пытаюцца: а што ён робіць? Ну вось дзеяньне робіцца.
Згодны з Валерам, што цяпер, відаць, трэба будзе Ціханоўскай выдаваць нейкія ўказы, абавязковыя для дзяржаўных службоўцаў Беларусі. Але гэта больш са сфэры віртуальнае палітыкі.
Тут прыгадваецца прыклад Хуана Гуайдо, якога шэраг краінаў Захаду прызналі прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Сытуацыю ў Вэнэсуэле гэта не зьмяніла.
Днямі сусьветны друк абышло фота, як прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітаецца зь Нікалясам Мадурам, якога Францыя як бы не прызнае прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.
Дракахруст: Якой будзе рэакцыя беларускага грамадзтва на абвяшчэньне Ціханоўскаю самой сябе абранаю прэзыдэнткаю? Ці спародзіць гэта пэўную хвалю энтузіязму, як было пасьля стварэньня Кабінэту?
Карбалевіч: Яго заўважаць палітычныя экспэрты, мэдыя, палітызаваная публіка. Але падазраю, што беларускае грамадзтва (нават ладная частка тых, хто супраць Лукашэнкі) наагул не заўважыць гэтага кроку.
Тыя людзі, якія яе падтрымлівалі, лічылі яе прэзыдэнткай і дагэтуль. І для іх яе цяперашняя заява мала што памяняе.
Дракахруст: Да апошняга часу Ціханоўскую на Захадзе прымалі ў крыху дваістым статусе. Яе прымалі на найвышэйшым узроўні — Байдэн, Джонсан, Мэркель, Макрон і многія іншыя, але з фармулёўкай «дэмакратычная лідэрка», «нацыянальная лідэрка Беларусі».
Цяпер жа ўзьнікае пэўная дылема. Калі гэтыя сустрэчы будуць працягвацца і зь ёю будуць сустракацца ўжо як з прэзыдэнтам-электам, гэта, безумоўна, падвысіць яе статус. Але калі яна сама сябе называе абраным прэзыдэнтам, а яе па-ранейшаму прымаюць як «дэмакратычную лідэрку», гэта прынамсі стварае пэўную праблему. А як яно будзе насамрэч?
Цыганкоў: Я мяркую, знойдуцца краіны, якія будуць прымаць яе ў новым, абвешчаным ёю статусе. Гэта выкліча адпаведную рэакцыю Лукашэнкавай улады на гэтыя краіны, магчымае выгнаньне амбасадараў гэтых краінаў зь Менску. Хоць ужо і цяпер многія амбасадары, акрэдытаваныя ў Беларусі, дзейнічаюць зь іншых краінаў.
Магчыма, цяперашні крок Ціханоўскай абумоўлены абставінамі вайны.
Штуршком магло стаць і рашэньне Рады Эўропы, якая прыняла беларускую дэлегацыю дэмакратычных сілаў. Яна цяпер будзе прадстаўляць Беларусь у Радзе Эўропы. Створаны прэцэдэнт, як могуць дзейнічаць іншыя заходнія міждзяржаўныя арганізацыі і ўрады.
Сытуацыя можа зьмяніцца, калі беларускія войскі пашлюць ваяваць ва Ўкраіну. І ўсе размовы пра амбасадараў у цяперашнім Менску адыдуць у нябыт. І з кім тады будзе мець справу Захад? Калі Беларусь уступіць у вайну сваімі войскамі, да яе будзе больш жорсткае стаўленьне, чым да Расеі. Расея — ядзерная дзяржава. А зь Беларусьсю прычынаў перасьцерагацца ня будзе.
І Ціханоўскую будуць прымаць і ўспрымаць як прэзыдэнта ў выгнаньні. І гэты статус будзе цалкам адпаведны ваеннаму часу, якім быў статус польскага ўраду ў выгнаньні падчас Другой сусьветнай вайны ці статус ураду дэ Голя.
Дракахруст: А можа, і сапраўды Ціханоўская на такое разьвіцьцё падзей і разьлічвала? Што Лукашэнка будзе вымушаны аддаць загад войску ваяваць з Украінай, і яна проста папярэджвае падзеі. І тады будзе з боку Захаду і прызнаньне яе прэзыдэнтам-электам, а Кабінэту — урадам у выгнаньні. А ўсе адносіны з Лукашэнкам, у тым ліку і дыпляматычныя, будуць разарваныя.
Карбалевіч: Калі Беларусь сваёй арміяй уступіць рэальна ў вайну, гэта сапраўды будзе іншая сытуацыя, і тады шмат што памяняецца. Афіцыйны Менск можа быць выключаны зь міжнародных арганізацыяў. Тады паўстане пытаньне — а што і хто ўзамен?
Ці будзе месца Беларусі пустым, ці яго павінны заняць Ціханоўская і Кабінэт? Другое ў такой сытуацыі ў прынцыпе магчымае.
Калі ж Лукашэнка ня ўступіць у вайну войскам, то мяркую, што няшмат што памяняецца ў стаўленьні заходніх структураў да Ціханоўскай, яе офісу і Кабінэту. Думаю, што пытаньне статусу Ціханоўскай будзе абмінацца.
Сытуацыя будзе люстэркавай да той, якая была падчас тэлефонных гутарак Ангелы Мэркель і Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам у 2021–2022 гадах. Яны з Лукашэнкам размаўлялі як з кім? Не як з прэзыдэнтам. А як з кім? Ну проста як з Лукашэнкам.
Гэтак і зь Ціханоўскай будуць размаўляць. Ёсьць дыпляматычныя прыёмы, якія дазваляюць абысьці далікатныя сытуацыі.
Дракахруст: Тая крытыка з боку калегаў у дэмакратычных сілах, якая зараз гучыць на адрас Ціханоўскай і Кабінэту — ці сьцішыцца яна пасьля яе абвяшчэньня самой сябе прэзыдэнтам-электам?
Цыганкоў: Не крытыкуюць, здаецца, толькі Віктара Бабарыку, які сядзіць у турме. Зразумела, будуць працягваць крытыкаваць. Я зараз пачытаў сацыяльныя сеткі, паглядзеў рэакцыю на яе заяву — адны зьдзекуюцца, іншыя іранізуюць, трэція кажуць, што яны хацелі, каб яна зрынала дыктатуру, а яна хоча яе ўзначаліць, назваўшы сябе прэзыдэнтам.
Калі няма вынікаў, то ўзмацняюцца нецярплівасьць і крытыка. Прымальным вынікам для прыхільнікаў дэмакратыі быў бы канец рэпрэсіяў і канец дыктатуры. Усё, што да гэтага наўпрост не вядзе, для многіх ня вынік наагул.
Карбалевіч: Я мяркую, што крытыкі будзе шмат. Будзе ажыятаж у сацыяльных сетках сярод палітызаванай публікі. Дарэчы, можа, у гэтым і быў сэнс абвяшчэньня — прыцягнуць лішні раз да сябе ўвагу. Як некалі казаў нябожчык Жырыноўскі, гаварыце пра мяне што хочаце, але гаварыце ўвесь час. З гледзішча палітычных тэхналёгіяў усякая ўвага, нават крытычная, лепш, чым маўчаньне.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам