Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для рэпэтытараў вырастуць удвая, для будаўнікоў у 1,5 раза. Якія падаткі налета хочуць падняць улады


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі анансавалі павышэньне падаткаў налета, адпаведны праект зьменаў у Падатковы кодэкс разьмясьцілі на нацыянальным праўным партале.

Падаткі на нерухомасьць, прадпрымальнікаў і прыбытак

Налета ўлады зьбіраюцца падняць падатак на першую кватэру. Раней анансавалі, што рост складзе 10%, але ў законапраекце закладзены рост у 11,1%.

Таксама чыноўнікі хочуць падняць падатак для прадпрымальнікаў і фізычных асобаў, якія працуюць без рэгістрацыі ІП. Напрыклад, для рэпэтытараў у Менску ён вырасьце з 82 да 164 рублёў на месяц, для будаўнікоў падатак вырасьце з 292 да 438 рублёў.

Апроч таго, вырасьце падатак на прыбытак. У 2023 годзе ён будзе роўны 20% (цяпер 18%).

Падаткі для мабільных апэратараў

Для апэратараў мабільнай сувязі ў наступным годзе застаецца павышаны падатак на прыбытак. Ён вырас з 1 студзеня 2021 году з 18% да 30%. Яго ўводзілі, каб «кансалідаваць даходы на барацьбу з COVID-19». Зараз улады хочуць, каб такі падатак дзейнічаў да 1 студзеня 2025 году, пра што таксама ёсьць запіс у абноўленым Падатковым кодэксе.

Стаўкі акцызаў на цыгарэты і алькаголь

Налета плянуюць павысіць і стаўкі акцызаў на алькаголь і цыгарэты. Цяпер для першай цэнавай групы цыгарэт стаўка акцызаў складае 43,56 рубля за 1000 цыгарэт, а для другой — 91,36 рубля.

У праекце зьменаў у Падатковы кодэкс запісалі, што з 1 студзеня 2023 году стаўкі акцызаў для цыгарэт першай цэнавай групы падымуць да 55,6 рубля, з красавіка — да 66,25 рубля, зь ліпеня — да 78,97 рубля, а ў кастрычніку — да 95,59 рубля.

Для другой цэнавай катэгорыі павышэньне складзе паэтапна 107,93 рубля (са студзеня), 119,09 рубля (з красавіка), 131,38 рубля (з ліпеня), 147,03 рубля (з кастрычніка).

Падаткі на сабак

Зборы з уладальнікаў сабак таксама падвышаюць. Збор мусяць плаціць уладальнікі сабак, якім больш за 3 месяцы, рабіць гэта трэба раз на 3 месяцы.

Цяпер стаўка такога збору складае 9,3 рубля, а за патэнцыйна небясьпечныя пароды сабак — 46,5 рубля. У праекце зьменаў у Падатковы кодэкс прапанавана, каб памеры гэтых збораў вырасьлі да 11,1 рубля і 55,5 рубля адпаведна.

Зямельны падатак

Таксама плянуюць павысіць зямельны падатак. Гэта закране як грамадзян, так і бізнэс. Рост складзе каля 19%. Напрыклад, стаўку зямельнага падатку для жылой шматкватэрнай зоны хочуць падняць да 14,71 рубля за гектар (цяпер 12,32 рубля за гектар).

Зборы зь бізнэсу таксама хочуць павысіць. Цяпер падатак для аўтамабільных рынкаў, гульнявых установаў, гандлёвых цэнтраў і рынкаў складае 184,52 рубля за гектар. Яго зьбіраюцца падняць да 220,32 рубля.

Як падвышэньне падаткаў тлумачаць улады

Нягледзячы на шэраг падаткаў, якія вырастуць налета, міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў лічыць, што «падатковая нагрузка нават крыху зьменшыцца».

«У цэлым, калі глядзець на ўсе гэтыя меры, якія мы прымалі за шэраг гадоў, яны такога адкладзенага пляну. І падатковая нагрузка нават крыху паменшыцца, нягледзячы на тое, што мы прапануем павялічыць на 2 працэнтныя пункты падатак на прыбытак», — заявіў міністар фінансаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG