Вытрымку зь ліста Міколы Статкевіча апублікавала ў фэйсбуку жонка палітычнага дзеяча Марына Адамовіч.
«Спадзяюся, можна крышку выдыхнуць», — напісала яна.
«Пропуск у ліставаньні на гэты раз быў выкліканы не ШЫЗА, а [...] захворваньнем на „неназываемую вірусную інфэкцыю“. Зараз мне істотна лепей. Тым болей, што зьмяніў абстаноўку — 21.11 мяне часова перавялі з адзіночкі ў мэдсанчастку па выніках рэнтгену. Сказалі, што ў мяне выяўлена „правабаковае запаленьне лёгкіх“. Мушу прымаць антыбіётыкі. Але нарэшце сёньня пазбавіўся тэмпэратуры, якая дагэтуль была пастаяннай на ўзроўні ~ 38°С. Нармалізаваўся і апэтыт, зноў пачаў чытаць газэты і часопісы.
Дарэчы, наконт апэтыту — у тыя пяць „вясёлых“ дзён — з 11.11 па 15.11, калі ўсё адразу (вялікая тэмпэратура, амаль бесьперапынная арытмія, галаўны боль і г. д.), то апэтыт быў зусім зьнік, ванітавала нават пры думках аб тлустым, салодкім і г. д. Я тады скарыстаўся гэтым і амаль перастаў есьці. Дні тры мінімум дык толькі піў. Каб не карміць варожы вірус-агрэсар. І гэта дапамагло — мне стала рабіцца лепей. Думаю, што калі згаладалы арганізм шукаў па клетках, чаго зьесьці і сустракаў вірус, то ён яго таксама еў. Так і выкараскаўся.
[...] Пішу лісты я зараз доўга.»
Ліст датаваны 24 лістапада.
Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.
Напісаць Статкевічу можна на адрас: ПК № 13, 211791, Глыбокае, вуліца Савецкая, 205, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.