Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў гарадзенскую турму, актывістку Алену Лазарчык трымаюць у карцары


Гарадзенская турма, куды перавялі Алеся Пушкіна, архіўнае фота
Гарадзенская турма, куды перавялі Алеся Пушкіна, архіўнае фота

Паводле стану на 3 сьнежня беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 1449 чалавек. Рэальная колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць нават большай.

Палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў гарадзенскую турму

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алеся Пушкіна з 22 лістапада перавялі ў гарадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года.

Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі паводле арт. 370 КК і ч. 3 арт. 130 КК. 25 сакавіка Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 дзён зьмясьцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калёніі № 22 у жніўні пакарала Пушкіна 5 месяцамі ў памяшканьні камэрнага тыпу.

Палітзьняволеную Алену Лазарчык трымаюць у карцары

Праваабаронцам стала вядома, што яна будзе знаходзіцца там да 4 сьнежня. Калі Алену Лазарчык зьмясьцілі ў карцар і колькі часу там правяла — дакладна не вядома.

Паведамляецца, што Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Лазарчык — скаргу на яго падаваў пракурор, была імавернасьць, што прысуд могуць узмацніць.

Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» асудзілі 8 гадоў калёніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Палітвязьня Аляксандра Плескацэвіча перавялі з «хіміі» ў бабруйскую калёнію

Палітзьняволенага Аляксандра Плескацэвіча 16 чэрвеня пасьля 20 дзён у ШЫЗА міліцыянты прывезьлі ў папраўчую ўстанову, каб той забраў свае рэчы. Пасьля гэтага яго перавялі ў магілёўскую турму. Паведамлялася, што ва ўстанову яго прывезьлі са шматлікімі сьлядамі зьбіцьця.

Цяпер стала вядома, што палітвязьню зьмянілі пакараньне на больш жорсткае — яго перавялі з папраўчай установы адкрытага тыпу ў папраўчую калёнію № 2, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна: Палітвязьні Беларусі».

Аляксандра Плескацэвіча асудзілі паводле ч.1 і ч.2 арт. 339 КК («Хуліганства») за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Сьвета, я вас кахаю». У лістападзе ў судзе Ляхавіцкага раёна адбыўся суд па справе аб «спагнаньні запазычанасьці па аплаце за жыльлёва-камунальныя паслугі і (ці) плаце за карыстаньне жылым памяшканьнем» у ПУАТ № 43. Вынік пакуль невядомы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG