Мастака Алеся Пушкіна пераводзяць у турму на 1,5 года
Паводле інфармацыі праваабаронцаў „Вясны“, судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч 11 лістапада пастанавіў перавесьці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года.
Пакуль невядома, у якой турме мастак будзе адбываць тэрмін.
30 сакавіка 2022 году Пушкіна асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калёніі № 22 у жніўні пакарала Пушкіна 5 месяцамі ў ПКТ.
ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) — турэмная камэра, зь якой выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны ў дзень на прагулку. Падчас прагулкі забаронена стасавацца зь іншымі зьняволенымі. Перадачаў не прымаюць, спатканьні і званкі забароненыя.
Такія ж умовы ў турме, дзе вязьні ў камэрах, а не ў атрадах з магчымасьцю выхаду на працу і на вуліцу.
Перасьлед Алеся Пушкіна
Алесь Пушкін за кратамі з сакавіка 2021 году. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).
Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асобаў», і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў».
Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклю «Беларускі супраціў» і пэрфоманс, які ён правёў ва Ўкраіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.