У Смаленскай вобласьці Расеі мытнікі перахапілі буйную партыю беларускіх цыгарэт, паведамляе Цэнтральнае мытнае ўпраўленьне Фэдэральнай мытнай службы РФ.
Мытнікі спынілі грузавік для праверкі, але кіроўца адмовіўся паказваць дакумэнты на тавар і ўцёк. У выніку аўтамабіль з грузам перавезьлі на адзін са складоў.
Праз тыдзень кіроўца сам прыйшоў у мытню, пасьля чаго мытнікі дагледзелі грузавік і знайшлі ў ім 1 млн пачкаў беларускіх цыгарэт без дакумэнтаў і расейскіх акцызных марак. Кошт партыі ацэньваецца ў больш за 100 млн расейскіх рублёў (1,6 млн даляраў).
Расейскія мытнікі рэгулярна перахапляюць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі на вялікія сумы. Так, 21 лістапада яны затрымалі рэкордны груз на 4,3 млн даляраў. Паводле аналітыкаў, найбольшы ўнёсак у расейскі нелегальны рынак робяць цыгарэты, незаконна ўвезеныя з краін-сябраў Эўразійскага эканамічнага саюза, і тут 92% паставак прыпадае на Беларусь.
Рэгулярна затрымліваюць вялікія партыі кантрабандных цыгарэт і ў Літве, Латвіі, Польшчы і Ўкраіне.