Паводле літоўскай мытні, грузавік DAF прыбыў у памежны пункт пропуску Райгорад (зь беларускага боку — Прывалка) увечары 30 ліпеня.
Кіроўца заявіў, што перавозіць 14,4 тоны вэрмікуліту (мінэрал. — BPN) з Казахстану ў Нямеччыну.
Аднак пры праверцы грузу рэнтгенам знойдзена паўмільёна пачкаў цыгарэтаў беларускай вытворчасьці, схаваных пад мяшкамі, удакладнілі ў мытным дэпартамэнце.
Рашэньнем суду грамадзянін Беларусі, які кіраваў грузавіком, арыштаваны на два месяцы. Па факце кантрабанды распачата дасудовае расьсьледаваньне.
Як паведамлялі, кантроль за аўтамабілямі, якія часта перасякаюць літоўска-беларускую мяжу, быў больш жорсткі.
- Паводле літоўскай мытні, за студзень–красавік літоўска-беларускую мяжу перасекла ў чатыры разы больш легкавых аўтамабіляў (звыш 124 тысяч), чым за той жа пэрыяд мінулага году.
- Першапачаткова ўлады Беларусі абвясьцілі пра бязьвізавы ўезд для жыхароў Літвы і Латвіі з 15 красавіка па 15 траўня — у сувязі з рэлігійнымі сьвятамі. Пазьней бязьвіз падоўжылі да канца году.